Аляксандр Фядута – лаўрэат прэміі Сапегі


Сёння ў Казіміраўскім палацы ў Варшаве беларускаму літаратуразнаўцу, палітолагу і калумністу «Белсату» Аляксандру Фядуту ўручылі узнагароду імя Льва Сапегі.

Прэмію заснавалі ў Польшчы 12 гадоў таму адмыслова для ўшанавання беларусаў за заслугі ў развіцці грамадзянскай супольнасці і будове дэмакратычнай краіны.

«Для мяне гэта гонар. Я вельмі ўзрушаны», – сказаў Фядута «Белсату» пасля ўрачыстасці.

На пытанне, за што менавіта, на яго думку, ён атрымоўвае ўзнагароду, Фядута адказаў, што «за навуку».

«Перш за ўсё за тое, што я паспеў зрабіць у гуманітарнай навуцы. Для Ягелонскага ўніверсітэту нейкія палітычныя матывы проста не існавалі», – кажа лаўрэат.

Прарэктар Варшаўскага ўніверсітэту Мацей Душчык уручае Аляксандру Фядуце дыплом узнагароды імя Льва Сапегі. Фота – Дзяніс Дзюба

Заснавальнікі ўзнагароды – Асяродак вывучэння Усходняй Еўропы ў Варшаве і Калегіум Усходняй Еўропы ўва Вроцлаве. Прэмію падтрымалі Варшаўскі, Вроцлаўскі, Ягелонскі і Беластоцкі ўніверсітэты, а таксама ўніверсітэт Адама Міцкевіча ў Познані.

Галоўны прынцып прэміі ў тым, што лаўрэат цягам года наведвае польскія ўніверсітэты з лекцыямі па беларускай тэматыцы, дазваляючы студэнтам розных універсітэтаў бліжэй пазнаёміцца з Беларуссю.

«Сёння атрымаў паперы – ужо ведаю, што буду выкладаць шэсць тыдняў у адной вучэльні, шэсць у іншай. Упершыню даведаюся, што такое жыццё вандроўнага шкаляра», – падсумоўвае навуковец.

Аляксандр Фядута з дыпломам ўзнагароды імя Льва Сапегі. Справа – прарэктар Варшаўскага ўніверсітэту па навуковых пытаннях Мацей Душчык. Фота – Дзяніс Дзюба / Белсат

Паводле ўмоваў прэміі, калі падчас візіту лаўрэат напіша кнігу – яму дапамагаюць у яе выданні.

«Спадзяюся, ўжо ў траўні выйдзе мая кніга «Сляды на снегу», прысвечаная атачэнню Міцкевіча. Гэта архіўнае выданне, там будуць тыя матэрыялы, якія я знайшоў летась падчас рэалізацыі гранту ад літоўскай амбасады ў Беларусі, – кажа Фядута. – Таксама планую да канца года дапісаць біяграфію Францішка Малеўскага».

Аляксандра Фядуту намінаваў на ўзганароду Ягелонскі ўніверсітэт, дзе летась навуковец абараніў доктарскую дысертацыю.

Аляксандр Фядута (пяты злева) з журы ўзнагароды імя Льва Сапегі. Фота – Дзяніс Дзюба

Аляксандр Фядута – доктар філалагічных навук, выкладае ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні. Сталы аўтар нашага сайту. Ягоныя фельетоны можна пачытаць тут.

Фядута стаў трынаццатым лаўрэатам Сапегаўскай узнагароды. Дагэтуль прэміі атрымлівалі гісторык Валянцін Голубеў, літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч, гарадзенскі гісторык Сяргей Токць, навукоўцы Аляксандр Жлутка, Уладзімір Ляхоўскі, Андрэй Ляховіч, Алесь Лагвінец, Пятро Рудкоўскі, Іна Соркіна і Аляксандр Смалянчук.

Леў Сапега, вялікі канцлер ВКЛ, віленскі ваявода, вялікі гетман ВКЛ, нарадзіўся ў 1557 годзе ў Астроўне на Віцебшчыне. У 1588 годзе Сапега распрацаваў і выдаў за ўласны кошт трэцюю рэдакцыю Статута ВКЛ

Цырымонія ўручэння адбываецца ў Варшаўскім універсітэце кожны год 4 красавіка – у дзень нараджэння вялікага канцлера і вялікага гетмана ВКЛ Льва Сапегі.

Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў