Суд не задаволіў скаргу Аляксандра Баразенкі на канфіскацыю тэхнікі


Менгарсуд не задаволіў скаргу аператара Аляксандра Баразенкі і пакінуў без зменаў рашэнне Першамайскага суду аб штрафе і канфіскацыі маёмасці ў сувязі з «незаконным выкарыстаннем» знаку «Белсат».

Такое рашэнне прыняў суддзя Менгарсуду Яўген Хаткевіч.

«Я не чакаў іншага выраку. Не для таго яны пачалі ўсю гэтую справу, каб так проста аддаць тэхніку назад. Будзем абскарджваць далей – да старшыні гарадскога суду, і далей – у Вярхоўны суд», – адзначыў Баразенка, каментуючы вынікі судовага паседжання.

Баразенка прасіў рашэнне Першамайскага суду адмяніць і прыпыніць адміністрацыйную справу ў сувязі з адсутнасцю складу правапарушэння.

Нагадаем, 10 кастрычніка суддзя Анастасія Папко пастанавіла аштрафаваць журналіста на Br 920 і канфіскаваць тэхніку. Аляксандра Баразенку абвінавачвалі паводле артыкулу адміністратыўнага кодэксу аб парушэнні аўтарскіх правоў пры выкарыстанні брэнду «Белсат».

Тэхніку 31 сакавіка сканфіскавалі працаўнікі аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі, і абсталяванне, з якім Баразенку затрымалі 25 сакавіка. Ужо пасля канфіскацыі на ім з’явіліся налепкі з лагатыпам «Белсату», якія сталі фармальнаю нагодай для судовага пераследу.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў