Аляксандр Алесін: Сумесныя беларуска-расейскія вучэнні пад Берасцем – ваенна-палітычны дэмарш


14-16 красавіка на берасцейскіх палігонах праходзяць сумесныя тактычныя вучэнні пскоўскіх дэсантнікаў і іх беларускіх калегаў. У Берасце прыехалі каля 60 расейскіх вайскоўцаў, якія цягам 3 дзён пад беларускім камандаваннем дэманструюць сваю баявую моц.

На думку вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна, сумесныя вучэнні для Беларусі і Расеі гэта норма, аднак іх можна было правесці і ў іншых тэрмінах.

«Я б звярнуў увагу на тое, што гэтыя вучэнні праходзяць па плану. Гэта не толькі вучэнні дэсантнікаў і сілаў спецыяльных аперацый, але і іншых відаў войскаў. Іх можна было правесці раней альбо пазней. Аднак вырашылі іх арганізаваць менавіта тады, калі ў суседніх краінах праходзілі вучэнні НАТО. Можна сказаць, што гэта своеасаблівы ваенна-палітычны дэмарш. Мэта яго паказаць, што на кожны манеўр ёсць контрманеўр. Цяпер мы бачым ланцужок вучэнняў, якія маюць перманентны характар».

Эксперт прыгадаў праезд амерыканскіх вайскоўцаў напрыканцы сакавіка з вучэнняў у Латвіі і Эстоніі праз Беласток.

Чытайцк таксама >>>>>>>> НАТАўскія танкі ў Вільні і Беластоку – прапагандысцкі ход

На думку іншага незалежнага ваеннага аглядальніка і гісторыка Аляксандра Гелагаева цяперашнія вучэнні дэсантнікаў пад Берасцем ніяк не адпавядаюць натаўскім вучэнням ані па колькасці ўдзельнікаў, ані па храналогіі:

«Сумесныя вучэнні дэсантнікаў Беларусі і Расеі праводзяцца ў Берасцейскай вобласці не першы год. Былі і значна больш буйныя сумесныя вучэнні на заходняй мяжы Беларусі і ў Калінінградскай вобласці – гэтак у вучэннях «Захад-2013» прымалі ўдзел больш за 13 тысяч жаўнераў. У гэтых красавіцкіх вучэннях удзельнічае ўсяго 400 чалавек».

Гісторык прыпамінае, што арганізатары вучэнняў (Міністэрства абароны Беларусі) падкрэслівала іх традыцыйны характар:

«Канешне, у 2015 годзе кантэкст любых дзеянняў расейскіх войскаў мусіць улічваць анексію Крыму і вайну на Данбасе. І расейская дзяржаўная прапаганда можа выкарыстаць гэты факт і для падтрымання ў сваім грамадстве шавіністычна-мілітарыстычнай істэрыі, аднак наўрад ці гэта ўвядзе ў зман заходніх палітыкаў і вайскоўцаў. Тым больш, што беларускі бок падкрэслена намагаецца займаць нейтральную пазіцыю ў расейска-украінскім канфлікце, імкнецца да пацяплення з ЗША і ЕЗ і, як можна меркаваць, так ці інакш давядзе да ведама заходніх партнёраў, што гэтыя вучэнні не накіраваныя супраць іх».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў