Альтэрнатыва суботніку. Валанцёрскія прыборкі пачаліся ў непагадзь і працягнуцца да восені


Аднойчы валанцёры ў Эстоніі сабраліся з сіламі і за адзін дзень прыбралі ўсю краіну. Беларусы вырашылі, што мы таксама можам зрабіць парадак на сваёй зямлі, і не ў прымусовым парадку, а абсалютна добраахвотна. Летась валанцёрская акцыя «Зробім!» за два дні аб’яднала 24 тысячы асобаў у розных гарадах краіны. Сёлета праект па грамадскай прыборцы тэрыторый стартаваў у красавіцкую непагадзь, пад дажджом, градам і ветрам.

У суботу, 22 красавіка, неласкавае сонейка хавалася за хмары, што раптоўна вылівалі на Менск залевы ды мокры снег. У гэты ж час, у скверы Котаўка, у яблыневым садзе па вуліцы Рафіева, а таксама ў скверы каля гандлёвага цэнтру «Скала», што на Пушкінскай, хадзілі людзі ў пальчатках з чорнымі пакетамі, куды збіралі з мокрага халоднага долу смецце: пластыкавыя бутэлькі, недакуркі, упакоўку ад ежы.

«Сёння ў нас масавы старт глабальнай акцыі «Зробім-2017». Не ўсім рэгіёнам пашанцавала з надвор’ем, напрыклад, у Віцебску перанеслі прыборку з гэтай даты, бо там выпаў снег. У нас тут дождж, але мы ўсё роўна вырашылі прыбіраць», – Надзея Дубоўская, адна з арганізатараў акцыі «Зробім!» у Беларусі.

Ніякіх адносінаў не маюць гэтыя прыборкі да рэспубліканскага суботніка, які быў прызначаны ўладамі на той жа дзень і час. Дарэчы, не ўпершыню.

«Мы спецыяльна глядзім, на якія даты прызначаюцца гэтыя суботнікі, каб не супадаць датамі. Але за тыдзень да нашых прыборак даведваемся, што Менгарвыканкам паставіў свой суботнік акурат на дзень глабальнай прыборкі «Зробім!». І гэта здараецца не першы год, калі рэспубліканскія суботнікі прызначаюцца на тыя ж даты, што і валанцёрскія акцыі», – распавядае Хрысціна Чарняўская, таксама арганізатарка акцыі.

Канцэпцыі ў гэтых двух мерапрыемстваў вельмі розныя, хоць і дзеянне, здавалася б, аднолькавае. Дзяржава ўспрымае валанцёрскія прыборкі так, быццам яны робяцца, каб тыкнуць пальцам уладам у тое месца, дзе яны недапрацоўваюць.

«Зробім – акцыя, якая, наадварот, паказвае, якім чынам можна адысці ад прымусовых суботнікаў і сабраць людзей, якіх хвалюе пытанне забруджанасці, смецця, абсалютна добраахвотна. Пастаянныя ўдзельнікі ведаюць, што арганізатары рыхтуюць і падзяку за працу, напрыклад, цёплыя напоі, салодкія прысмакі, штосьці цікавае, напрыклад, экскурсію, якая магла б больш распавесці пра тое месца, якое яны прыбіраюць. На жаль, чыноўнікі гэтага не разумеюць, і ўспрымаюць гэта, як быццам мы такім чынам паказваем, як кепска яны працуюць. На жаль, таму што пры правільным пазіцыянаванні, рэспубліканскія суботнікі можна было б пераўтварыць у вялікія прыгожыя валанцёрскія акцыі», – распавядае Хрысціна Чарняўская.

Валанцёрам арганізатары выдаюць пальчаткі і пакеты для збору смецця. Сёлета акцыю падтрымала кампанія Uber, якая выдала ўдзельнікам прома коды, па якіх валанцёры маглі даехаць на месца праборак бясплатна. Вельмі дарэчна ў гэты халодны і дажджлівы дзень.

У Котаўцы садзілі дрэвы. Мясцовы жыхар прынёс бур, каб лягчэй было рабіць ямкі. У яблыневым садзе на вуліцы Рафіева таксама не толькі прыборка, але і пасадка дрэваў. Уладзімір, уласнік крамы «Садовая коллекция» прынёс дзесяць саджанцаў розных сартоў яблыняў.

«Мне неабыякава, як выглядае мой горад, і ў тым наша праца таксама. Бо нецікава працаваць толькі для продажу», – кажа Уладзімір.

Яны плануюць удзельнічаць у прыборках і далей і дараваць гораду дрэвы. Прапанавалі нават пасадзіць алею з сорту яблыняў, што квітнеюць буйнымі ружовымі кветкамі. Кажуць, можа атрымацца не горш, чым у Японіі, калі там цвіце сакура.


Тут жа – палатка, дзе стаяць тэрмасы, а таксама самаробнае печыва і калонкі, адкуль гучыць музыка. На Рафіева сабралася каля пятнаццаці чалавек. Жанчына, што прыехала са станцыі метро «Магілёўская» лічыць, што яе прыклад можа натхніць і іншых глядзець глабальней.

Яшчэ адна ўдзельніца акцыі прыйшла прыбіраць парк у свой дзень народзінаў, каб падтрымаць сяброў.

«Мы планавалі больш за 20 чалавек, бо вельмі актыўна анансавалі, але надвор’е не дазваляе разлічваць на гэтую лічбу. Самае сумнае, што мы тут прыбіраемся ўжо трэці раз. У першы раз тут усё выглядала вельмі жорстка. У другі раз мы прыйшлі і пабачылі, што смецця ўжо менш, і нам было прыемна, што людзі бачаць, што прыбрана і менш кідаюць смецце. Але тут мы прыйшлі, і ўбачылі, што паміж трэцяй і першай прыборкай – ніякай розніцы. Мы зразумелі, што гэта – утопія. Але вырашылі, што да гэтага трэба больш прыцягваць увагу», распавядае Анастасія, уласніца крамы Кандзі-Ам, што вырабляе прысмакі.

Праблема яблыневага саду ў тым, што тут няма сметніц. Мясцовыя жыхары ўжо звярталіся да Зеленбуду, але сад знаходзіцца на мяжы двух раёнаў гораду, і ні адзін з іх не хоча брацца паставіць тут сметніцы, бо на гэта няма грошай.

Каля гандлёвага цэнтру «Скала» гаспадарыць «Гарадскі ляснічы». Тут прыбіраецца каля 10 чалавек. Ігар Корзун, распавядае, што гэтае месца было раней часткай гарадскога пітомніка раслінаў, таму тут можна пабачыць шмат цікавых дрэваў.

«Зробім!» – міжнародная акцыя, якая пачалася з Эстоніі і ладзіцца кожны год у шматлікіх краінах. Беларускія арганізатары кожны год падаюць у міжнародны камітэт справаздачы аб прыборках у Беларусі. У мінулым годзе на 2 дні глабальных прыборак па ўсёй Беларусі выйшла 24 тысячы валанцёраў.

Арганізатары кажуць, што Беларусь з’яўляецца адным з самых актыўных і паспяховых удзельнікаў на міжнародным узроўні.

Кожны чалавек можа далучыцца да акцыі і арганізаваць сваю ўласную прыборку на тым месцы, якое яго непакоіць сваёй забруджанасцю. Сфатаграфаваць, нанесці на карту, адтрымаць падтрымку ад арганізатараў у распаўсюдзе інфармацыі, сабрацца разам і зладзіць прыборку.

«У нашых рэгіёнах вельмі актыўныя людзі. У Горадні, Берасці, Пінску, іншых гарадах. Яны загадзя ведаюць, што яны будуць прыбіраць і дзе і самаарганізуюцца», кажа Хрысціна Чарняўская.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

 

 

Глядзі таксама
Каментары