Альтэрнатыва школе з’явіцца ў Беларусі налета


У Менску прэзентавалі ідэю камунікацыйна-адукацыйнай платформы «Таранціны і сыны» – якасна новага тыпу навучання дзяцей. Каманда Ганны Трубачовай не проста ведае навошта сёння трэба вучыцца, але абяцае, што ведае як гэта рабіць найлепш.

Ідэя лунала ў паветры два гады – з таго моманту як журналістка Ганна Трубачова, заснавальніца агенцыі «Таранціна і сыны» і мама двух сыноў, пачала ладзіць адукацыйныя вечарыны для сяброў у сваёй хаце. З цягам часу ахвотных стала настолькі шмат, што Ганна вырашыла аб’яднаць адукацыйныя ініцыятывы ў межах адной платформы.

Нешматлікія прыватныя школы ў Менску працуюць паводле дзяржаўных праграмаў. Асобна стаіць коласаўскі ліцэй, які ад тыповай школы адрозніваецца беларускай мовай навучання, аўтарскімі падручнікамі і шырокай культурніцкай дзейнасцю па-за класам (ліцэй выдае ўласную газету і запісвае музычныя альбомы). Шмат дзяцей вучыцца паводле індывідуальнага плану дому.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Заканадаўства дазваляе гэта пры ўмове здачы кожную чвэрць іспытаў па прадметах абавязковай праграмы ў школе па месцы жыхарства. Адной з прэтэнзіяй Міністэрства адукацыі з’яўляецца, дарэчы, закід пра брак сацыялізацыі такіх дзяцей. Ідэя Трубачовай палягае на тым, каб вывесці «хатніх вучняў» з кватэраў, не ведучы іх у школу.

Трыма кітамі платформы «Таранцінаў» будуць індывідуальны падыход да здольнасцяў кожнага дзіцяці, магчымасць вучням выбіраць – ад таго, што есці на абед (у школе будзе трохразовае харчаванне) да таго, што вывучаць сёння на занятках, – ды інтэграцыя ў адукацыйны працэс ідэі «Гораду майстроў» (калі спецыяліст будзе перадаваць свае ўменні вучням) у шэрагу гурткоў. То бок, апроч настаўнікаў базавых школьных прадметаў (па якіх дзецям прыйдзецца здаваць кожную чвэрць абавязковыя іспыты ў школе па месцы жыхарства), вучыць дзяцей будуць таксама апантаныя сваёй справай мастакі, фатографы, паэты ды іншыя творцы. Больш таго, платформа будзе адукоўваць і саміх бацькоў на семінарах па дзіцячай псіхалогіі, пытаннях бацькоўства і педагогікі. Яны без перашкодаў змогуць браць удзел у занятках сваіх дзяцей.

Замест традыцыйнага раскладу дзеці на працягу некалькіх тыдняў будуць сцісла займацца пэўным праектам – напрыклад, вывучаць усё, што звязана з Грэцыяй. Праектны падыход будзе дазваляць дзецям глыбока занурыцца не толькі ў розныя аспекты матэматыкі, гісторыі, літаратуры ці астраноміі, але пабачыць сувязь паміж навукамі. Завяршыць «грэцкі» альбо які-кольвек праект дзеці змогуць пастаноўкай спектаклю (напрыклад, паводле якога-небудзь старажытнага міфа) у межах гурткоў платформы. Такім чынам будзе раскрывацца творчы патэнцыял вучняў і наладжвацца кааперацыя паміж імі.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Каштаваць месяц навучання будзе $ 500 у рублёвым эквіваленце, палова вучняў будуць мець магчымасць вучыцца з 50%-ай зніжкай. Як будуць выглядаць уступныя іспыты з выпадку вялікага конкурсу на месца, Ганна пакуль ня ведае: «Прыярытэт будзе аддавацца ў першую чаргу перакананым аднадумцам, а не тым, хто будзе бегчы за модай».

Аўтары платформы ўпэўненыя, што выпускнік будучай школы дасць свету цікавы прадукт, без праблемаў знойдзе сябе на рынку, будзе займацца любімай справай і, галоўнае, будзе шчаслівым чалавекам.

Паводле словаў ініцыятараў платформы, каманда настаўнікаў і майстраў практычна сабраная, бацькі ўжо становяцца ў чаргу – цяпер справа толькі за купляй памяшкання і афармленнем дакументаў. Менш чым праз год, у студзені 2016 года, школа набярэ свой першы – ва ўсіх сэнсах – клас.

Таксама каманда платформы чакае на прапановы інвестараў і донараў. Сваю дапамогу ў справе стварэння новага тыпу школы можа аказаць кожны: ад вытворцаў канцылярскіх тавараў да спартыўных крамаў – фізкультуру Трубачова адмяняць не збіраецца.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў