Альтэрнатыўная будучыня. На месцы АЭС у Астраўцы – цэнтр навукі і мастацтваў?


У градзірнях БелАЭС праводзяцца канцэрты класічнай музыкі, на палях вакол станцыі вырошчваецца экалагічная ежа. Праз Астравец едуць высокахуткасныя цягнікі да Вільні і Менску, а ў горадзе праходзяць выставы высокіх тэхналогіяў і мастацтва. Менавіта так бачаць альтэрнатыву атамнай станцыі беларускія мастакі і грамадскія актывісты. Яны прапанавалі свой варыянт выкарыстання комплексу будынкаў у Астраўцы і прэзентавалі яго ў галерэі «Ў» у Менску.

На высокатэхналагічнай падлозе рэйверы выпрацоўваюць кілаваты. Біенале сучаснага мастацтва адбываецца дзесьці на суседняй вуліцы – накірунак на выставу паказвае афіша. Вакол градзірняў АЭС развярнуліся палі і сады з зонамі для адпачынку.

Ірына Сухій, лідарка антыядравага руху і ўдзельніца савету ГА «Экадом» у Беларусі, на выставе носіць шляпку ў выглядзе градзірні. Яна паведамляе, што шляпка-градзірня – гэта вельмі прыгожа і зручна, а таксама прапануе праводзіць у градзірнях канцэрты класічнай музыкі і іншыя музычныя фестывалі, бо там павінна быць добрая акустыка.

«Нам надакучыла казаць адное і тое ж. Мне здаецца, што ўсё, што можна было сказаць, ужо сказана, што можна было напісаць – напісана. Засталося толькі стварыць іншую будучыню, і вось яна – тут. Я ўпэўнена, што гэта распаўсюдзіцца па-за сценамі гэтай галерэі», – кажа Ірына Сухій.

Ірына Сухій прапануе праводзіць у градзірнях музычныя фестывалі.

«Калі б я была інвестарам, я б захацела ўкласці грошы ў такі праект. Так смела яшчэ ніхто не думаў пра АЭС. Думалі пра тое, каб закрыць, або не дабудаваць, яшчэ нешта. Але пра тое, каб гэта пераўтварыць у нешта, каб не закапаць грошы, каб гэта прыносіла грошы, – ніхто не думаў. Хочацца, каб гэта заўважылі людзі, якія ў нас прымаюць рашэнні і пачасалі патыліцу», – кажа наведвальніца выставы Надзея.

Каб уявіць альтэрнатыўную будучыню мастакі і актывісты тыдзень правялі ў ваколіцах АЭС, а таксама пабывалі ў інфармацыйным цэнтры на афіцыйнай прэзентацыі. Потым яшчэ тыдзень пераўтваралі ідэі ў жыццё.

«Калі глядзіш на гэтую архітэктуру, яна палохае і адначасова захапляе. Гэта жудасна, быццам філіял пекла на Зямлі, яна выпрацоўвае небяспечную ядравую энергію. Але адначасова гэта і вельмі прыгожа. Гэтая архітэктура сама па сабе так і просіцца, каб адкрыць там нейкі альтэрнатыўны цэнтр мастацтва, экалогіі. Мы прыехалі туды ўсе разам і падумалі, якой можа быць будучыня ў гэтага аб’екту

Удзельнікі праекту на пленэры падчас падрыхтоўкі выставы.
Фота: Вікторыя Харытонава

У шапіку можна набыць свежы нумар «Астравецкай праўды 2.0». Пішуць там пра тое, што Ілан Маск дамовіўся са старшынёй Астравецкага райвыканкаму аб супрацоўніцтве ў падрыхтоўцы каланізацыі Марса, а беларуская чыгунка павялічыла колькасць хуткасных цягнікоў да Астраўца. Публікуецца анонс міжнароднай канферэнцыі па развіццю штучнага інтэлекту і конкурс на лепшую размалёўку градзірняў.

«Мы ўявілі газету «Астравецкая праўда» у будучыні, быццам тыя ж журналісты, у такім жа стылі і жанры пішуць пра падзеі ў «Астраўцы культуры». Там ёсць навіны з палёў, дзе рэйверы вырабляюць кілаваты, а галоўная навіна пра тое, што Ілан Маск прыязджае ў Астравец на міжнародную канферэнцыю», – распавядае Анастасія Дарафеева, старшыня партыі «Зялёныя». «Тэксты пісаліся вельмі хутка і з нас так ляцелі ідэі, што калегі казалі: выходзьце ўжо са сваёй паралельнай рэальнасці! А мы адказвалі: не, мы хочам жыць тут».

Выстава складаецца з 14 мастацкіх экспанатаў, якія стваралі 17 мастакоў і актывістаў з Беларусі, Расеі, а таксама Чэхіі. Альтэрнатыўная АЭС будзе існаваць у галерэі «Ў» да 9 верасня.

«Мяне зацікавіла выстава, гэта візуалізацыя будучыні. Мы часта не верым, у нас бывае такая безнадзейнасць і паніка. Насамрэч, калі мы будзем думаць пазітыўна, то чаму б не? Усё пачынаецца з ідэяў», – кажа наведвальніца Марыя.

У 2015 годзе ў Германіі ў будынку атамнай электрастанцыі каля гораду Калькар, на мяжы з Нідэрландамі, стварылі сапраўдны парк атракцыёнаў з каруселлю ў сярэдзіне градзірні і сцяной для скалалажання звонку. Кожны год парк забаваў на атамнай станцыі наведваюць больш за паўмільёна турыстаў. Радыяцыйнай небяспекі там няма – станцыя ніколі не працавала. Яе будавалі, але так і не запусцілі праз масавыя грамадскія пратэсты жыхароў Германіі і Нідэрландаў.

Парк забаваў у былым будынку АЭС у Германіі, на мяжы з Нідэрландамі.
Фота: dailymail.co.uk

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў