«Алкагалізацыя беларусаў – вынік намаганняў улады»


Нашая краіна – зноў у ліку антырэкардсменаў. Беларусы п’юць больш за ўсіх у Еўропе. Такія вынікі даследавання Сусветнай арганізацыі здароўя. Адкуль жа, як кажуць, растуць ногі ў адной з самых балючых праблемаў нашай краіны?

Піва ды гарэлка ці сок і вада? Выбар грамадзянаў нашай краіны часта падае на карысць алкаголю. Паводле рэйтынгу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя беларусы аказаліся самай пітушчай нацыяй у Еўропе. Знаёмыя, што сутыкнуліся з такой праблемай, ёсць амаль у кожнага.

ЖЫХАРЫ МАГІЛЁВА:

«Ёсць – усё ўжываюць!»

«Вядома, я ж кіраўнік: ёсць, працуеш з імі».

«Выпіваюць, ёсць знаёмыя».

«А калі іх не было, пітушчых? Заўсёды былі – галоўнае піць у меру».

Адпаведна са звесткамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, сярэдні беларус штогод выпівае 14 з паловаю літраў чыстага спірту. У пераліку на папулярныя алкагольныя напоі атрымліваем – 72 паўлітровыя бутэлькі гарэлкі, 80 літраў віна сярэдняй крэпасці, ці – 576 паўлітровыя бутэлькі піва.

У ганебны рэйтынг нашая краіна трапляе не ўпершыню. 2 гады таму, паводле падлікаў агенцыі «Блумбэрг», Беларусь аказалася першай па спажыванні алкаголю ва ўсім свеце: за год сярэдні грамадзянін краіны піў на чатыры літры больш чыстага спірту, чым цяпер (18,85 літра).

У партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя мяркуюць, што гэта – вынік свядомага дзеяння ўладаў.

ВОЛЬГА КАВАЛЬКОВА, ПАРТЫЯ БХД:

«Гэта палітыка дзяржавы, якая складаецца з 2 пунктаў: эканамічны прыбытак у бюджэт, яны прыдумваюць новыя законы, падаткі – што заўгодна, каб з людзей грошы выцягнуць. Гэта акцызы – першае. Другое – гэта маніпуляванне беларусамі. Бо чалавек які ўжывае алкаголь – больш падкантрольны».

Лекар-нарколаг Уладзімір Іваноў вынікі алкагалізацыі бачыць штодня. З ягонага досведу, у Беларусі шмат п’юць ужо многія гады. Аднак спецыфіка алкагалізму змяняецца.

УЛАДЗІМІР ІВАНОЎ, НАРКОЛАГ, ЦЭНТР ПСІХІЧНАГА ЗДАРОЎЯ:

«З праблемаў, звязаных з алкагалізацыяй – на мой погляд толькі адна паўстала за апошні час. Гэта піўны алкагалізм, якога раней не было ў нашай краіне. Дзякуючы супольным намаганням уладаў і піўнога лобі за апошнія 15 гадоў мы маем вялікую колькасць піўных алкаголікаў».

У выніку – дарожна-транспартныя здарэнні, бытавыя бойкі, разбітыя сем’і ды агулам горшая якасць жыцця. Не дзіва, што разам з лідарствам па спажыванню алкаголю Беларусь (разам з Літвой) займае першае месца па колькасці самагубстваў.

ЖЫХАРЫ МАГІЛЁВА:

«Паглядзіце колькі віна-гарэлачных напояў – я лічу гэта прычына».

«Усе кажуць што мы жывем добра, а мы жывем дрэнна, жабракі мы».

Пасля ж нядаўняга распараджэння Мінгандлю знізіць нацэнкі алкаголь у кафе і рэстаранах Беларусі патаннеў. Так што стратэгія «п’янству – бой» пакуль – толькі ў сацыяльнай рэкламе, але ніяк не ў сацыяльнай палітыцы.

МВ, Белсат

Стужка навінаў