Алімпійскі чэмпіён: Беларусы з допінгам – ганьба, якую складана перажыць


Былы вясляр на байдарцы, які тры разы выйграваў алімпійскі медаль, пракаментаваў допінг-скандал з удзелам беларускіх грабцоў.

Раней беларускую мужчынскую каманду па веславанні на байдарках і каноэ дыскваліфікавалі за ўжыванне допінгу.

Вядомы беларускі спартовец Уладзімір Парфяновіч пракаментаваў сітуацыю «Белсату». Падаем ягоныя словы.

У гэтым свеце ніхто не баіцца канкурэнцыі. Спорт гэта і ёсць канкурэнцыя. А калі яе не будзе, то і спорту не будзе, і жыцця.

Я лічу, што ўсялякія палітычныя матывы, якія ўплятаюцца ў гэтую сітуацыю, беспадстаўныя. Проста так нікога не адхіляюць.

Хацелася б у выніку прачытаць даклад французскай паліцыі і французскага антыдопінгавага камітэту. І тады, калі яго адкрыта выставяць, мы будзем мець шчырае адкрытае меркаванне.

Існуе сістэма, у якой, калі цягам года трох прадстаўнікоў федэрацыі злавілі на допінгу, не мае значэнне юнакі гэта, дарослыя ці дзеці, то тады гэтая федэрацыя адхіляецца. У нас такіх выпадкаў было пяць.

І казаць, што хтосьці нешта не зразумеў – гэта размовы для дылетантаў, для працоўных нейкага заводу, якія не цікавяцца спортам. А хто глыбока цікавіцца і разумее спорт… Сітуацыя вельмі складаная.

Для мяне як для беларускага спартоўца і чалавека, які шмат гадоў узначальваў Беларускую федэрацыю веславання, гэта такі боль, які яшчэ доўга будзе захоўвацца ў сэрцы.

Гэта такая ганьба, якую вельмі складана перажыць. Калі ты цяпер прыедзеш кудысьці сустракацца з сябрамі на міжнародных спаборніцтвах, скажаш адкуль ты, табе адкажуць: «А, гэта ж Беларусь». Тут мы «праславіліся» на поўную катушку.

І пакаранне мае быць вельмі суворым за гэтыя справы. Калі я ўзначальваў федэрацыю, то сказаў: «Асабіста забʼю, калі нехта нешта прыме». Я яшчэ ў 1990-я гады прапаноўваў увесці крымінальную адказнасць за ўжыванне допінгу. Ніхто не захацеў, і дагэтуль баяцца. Чаму? На гэтым усё.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў