Алігарх Гуцарыеў падараваў гораду Любань пяціпавярховы жылы дом


Старшыня савета дырэктароў ЗТАА «Слаўкалій» Міхаіл Гуцарыеў перадаў Любанскаму райвыканкаму пяціпавярховы 40-кватэрны жылы дом. Афіцыйная цырымонія перадачы сімвалічнага ключа адбылася ў райцэнтры, перадае выданне МЛЫН.by.

У верасні 2015 года Аляксандр Лукашэнка і расейскі бізнесмен Міхаіл Гуцарыеў заклалі капсулу на знак пачатку будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбіната магутнасцю да 2 мільёнаў тон хларыду калію ў год на базе Старобінскага радовішча калійных соляў.

«Два гады таму мы паабяцалі прэзідэнту Рэспублікі Беларусь пабудаваць у горадзе жылы дом. І вось наша абяцанне выканана. Грошы не народныя, грошы асабістыя. Падарунак атрымаўся нядрэнны. Праектам прадугледжана будаўніцтва яшчэ 5-ці такіх дамоў для работнікаў горна-абагачальнага камбіната, на савеце дырэктараў прынята рашэнне дадаткова ўзвесці яшчэ 5 шматкватэрных дамоў з адпаведнай інфраструктурай. Іх пазней мы таксама бязвыплатна перадамо ва ўласнасць Любані. Такім чынам у горадзе з’явіцца яшчэ 10 жылых будынкаў», – сказаў Гуцарыеў.

Гэтак выглядае новы дом, фота МЛЫН.by

Як паведамілі TUT.BY ў Любанскім райвыканкаме, дом для пачатку павінен быць па дакументах прыняты на баланс. І толькі потым кватэры будуць перададзеныя маючым патрэбу. Але каму канкрэтна і на якіх умовах, яшчэ не вырашана.

Аднак вядома дакладна, што прадаваць жыллё тут не будуць. Яно стане альбо сацыяльным, альбо пяройдзе ў камерцыйны фонд, гэта значыць стане арэндным.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў