Alexeev: «Гэта вялікі гонар прадстаўляць Беларусь у гэтым годзе на Еўрабачанні»


Украінскі спявак Мікіта Аляксееў, які ў гэтым годзе едзе ад Беларусі на Еўрабачанне, распавёў, чаму абраў менавіта гэтую краіну для ўдзелу ў конкурсе.

У студыі папулярнага эстонскага вечаровага шоу «Дазорцаў на нач» Alexeev сказаў, што з усіх краінаў, дзе яму даводзілася выступаць з канцэртамі, у Беларусі яго прымалі лепей за ўсіх. Ён таксама ўзгадаў, што раней прымаў удзел у конкурсе песні «Славянскі базар». Да таго ж у мінулым годзе ён атрымаў прэмію «Наша ліга», якую ладзіць тэлеканал «БелМузТВ», у намінацыі «Спявак году».

Нагадаем, што вакол удзелу Аляксеева ў Еўрабачанні ад Беларусі разгарэўся скандал. Яшчэ да фіналу конкурсу беларускія ўдзельнікі адбору прасілі «Белтэлерадыёкампанію» адрэагаваць на парушэнні Аляксеевым правілаў Еўрабачання. Спявак высунуў на конкурс песню, якую ўжо выконваў публічна на канцэрце, што забараняецца правіламі. У выніку каманда Аляксеева крыху змяніла тэмп песні, з якой ён і перамог у фінале адбору.

Шмат хто з інтэрнаўтаў абураўся тым, што за бюджэтныя грошы на Еўрабачанне паедзе чалавек, які не мае грамадзянства Беларусі.

Нагадаем, што ў гэтым годзе Еўрабачанне пройдзе ў Партугаліі. Паўфіналы пройдуць 8 і 10 мая. Фінал адбудзецца 10 мая.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары