Алеся Залеўскага ў трэці раз выклікаюць у пракуратуру


Асобай супрацоўніка «TVP» зацікавілася менская гарадская пракуратура. Допыт прызначаны на 13:00 па менскім часе 16 снежня.

Паводле Залеўскага, гэтым разам міліцыянты ў якасці сведкі выклікалі аператара Сяргея Краўчука, якога распытвалі пра працу журналіста.

Сам журналіст дапускае, што яго могуць абвінаваціць у парушэнні артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі) за працу на працэсе па справе праваабаронцы Елены Танкачовай.

Гэта ўжо трэцяя адміністрацыйная справа, заведзеная на Алеся Залеўскага за апошні год. Па тым самым артыкуле Карэліцкі раённы суд 27 траўня аштрафаваў журналіста на 30 базавых велічынь. Фактычна, гэта было пакаранне за рэпартаж пра прыватны краязнаўчы музей у Міры, які мае больш аўтэнтычных экспанатаў, чымся дзяржаўны.

Сёлета Алесь Залеўскі, які супрацоўнічае з «Белсатам», атрымаў узнагароду за найлепшае выданне публіцыстычнай праграмы ў 2014 годзе – «Людскія справы: Карупцыя ў ЖКГ». Менавіта праз гэтую праграму, у якой вядоўца выкрывае адну са схемаў крадзяжоў у ЖКГ, аўтара пакаралі штрафам у Br 6 млн, абвінаваціўшы ў «нелегальным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў