Алеся Міхалевіча адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе


Раніцай 8 верасня палітыка затрымалі на беларускай-літоўскай мяжы, калі ён вяртаўся ў Беларусь. Супраць Алеся Міхалевіча дагэтуль не зачыненая справа за Плошчу, экс-кандыдат на прэзідэнта хаваўся ад КДБ за мяжою.

Пра затрыманне Алеся Міхалевіча на беларускай мяжы паведамілі ягоная жонка і паплечнікі. Экс-кандыдат на прэзідэнта вяртаўся на цягніку «Вільня – Менск».

Прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэту Аляксандр Цішчанка заявіў, што Алеся Міхалевіча «затрымалі як асобу, што знаходзіцца ў вышуку».

Алесь Міхалевіч – адзін з кандыдатаў на прэзідэнта на выбарах-2010. Пасля акцыі яго затрымалі ва ўласным доме і змясцілі ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны па артыкуле аб масавых беспарадках. У лютым 2011-га выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Праз некалькі дзён зладзіў гучную прэс-канферэнцыю, на якой заявіў пра катаванні вязняў СІЗА КДБ, пасля якой таемна выехаў з Беларусі.

У інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат” палітык перад сваім вяртаннем заявіў, што ведае аб імаверным арышце. “Гэта чарговы раз пакажа, што Беларусь не з’яўляецца свабоднаю краінаю, але для мяне асабіста гэты дзень усё роўна вельмі светлы і вельмі шчаслівы, бо я вяртаюся ў Беларусь”, – сказаў палітык.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў