Алесін: Захад не хацеў наносіць вялікую страту Сірыі, а Пуцін аказаўся ў выйгрышы


Адказ сістэмы супрацьпаветранай абароны Сірыі на ракетны ўдар

Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін у размове з Belsat.eu патлумачыў, чаму Расея не «упісалася» за Асада і выказаў сваё меркаванне наконт таго, ці была хімічная атака ў Думе.

Belsat.eu: Чаму з боку Расеі не паследавала вялікага адказу на ракетную атаку па Сірыі з боку кааліцыі?

Аляксандр Алесін: Меры ў адказ паабяцалі ў выпадку, калі пацерпяць расейскія грамадзяне, расейскія вайскоўцы.

Я думаю, што такі вялікі час паміж абвяшчэннем атакі і нанясеннем ўдару прайшоў менавіта таму, што ЗША вельмі ўважліва выбіралі аб’екты, на якіх не магло быць расейскіх грамадзянаў – ім ніяк не хацелася ўвязвацца ў канфлікт з ядравай дзяржавай.

Пра налёты і Францыя, і Англія, і ЗША папярэдзілі Пуціна, папярэдзілі расейскіх вайскоўцаў – і пра час, і пра тое, куды будуць нанесеныя ўдары. Расейцы загадзя прыбралі сваіх людзей. Акрамя таго, у зону, што знаходзіцца пад кантролем сіл СПА Расеі, вакол авіябазаў Тартус, Хмейнін, самалёты і ракеты ЗША, Францыі і Вялікай Брытаніі не заляталі. Таму ў Расеі не было нагоды адказваць.

У любым выпадку быў нанесены моцны ўдар, хай, і не па расейскіх сілах, але па хаўрусніку. Ці добра гэта для іміджу Расеі?

Калі верныя дадзеныя, якія Мінабароны Расеі абвесціла, што старымі савецкімі ракетамі збілі 71 са 103 ракетаў, якія запусцілі ЗША, то гэта можна расцаніць як вялікі поспех сіл СПА абароны Асада і як буйную няўдачу Захаду.

Дык а ці можна верыць такім заявам?

Ёсць меры аб’ектыўнага кантроля – усе палёты ракет, самалётаў фіксуюцца радыёлакатарамі са спутнікаў і запісваюцца на магнітныя носьбіты. Усё гэта можна праверыць. Я думаю, што гэтая інфармацыя блізкая да праўды, таму што крылатыя ракеты «Тамагаўк» ляцяць нізка, хуткасць у іх невялікая. У выпадку своечасовага выяўлення збіць іх не складае цяжкасці. Некалькі складаней збіць новыя ракеты «Джастын», якія запускаліся з самалёту. На іх, хіба, прыходзіцца асноўны працэнт ракет, якія ўцалелі. Таму я думаю, што гэта і трэніроўка для расейцаў, якія кіравалі сірыйскімі СПА, і праверка для сіл СПА ў Сірыі. Я думаю, Захад і не хацеў наносіць вялікую страту Сірыі, тым самым звязваючыся з Расеяй.

Бакі хацелі захаваць свой твар: Трамп, які сказаў «а», мусіў сказаць «б», і ён, напэўна, з палёгкай уздыхнуў, даведаўшыся, што ніхто з расейцаў не пацярпеў, і ўдару ў адказ па караблях ЗША не будзе. Я думаю, Пуцін таксама ўздыхнуў з палёгкай, таму што ЗША стралялі далёка ад расейскіх вайсковых базаў, кудысьці на перыферыю, і нікога з расейскі вайскоўцаў не забілі.

Таму цяпер будзе слоўная сварка ў ААН, вайна на словах. Але ўсе мяркуюць, што яны перамаглі. Больш за ўсіх выгулялі мы, усе грамадзяне, таму што не адбылося вайсковага канфлікту паміж ядравымі дзяржавамі, і сітуацыя зноў вяртаецца рэчышча, калі можна прадказваць. Калі б адбыўся ядравы канфлікт, думаю, ніхто б не застаўся ў баку.

Як вы мяркуеце, ці была хімічная атака ў Думе, якая і стала нагодай для ракетнай атакі?

З вайсковага пункту гледжання, калі разбіраць дэталі, улічваць, што ўжываўся газ хлор, які цяжэй за паветра, і ўлічваць, што асноўныя сілы баевікоў і сем’і знаходзіліся ў падземных умацаваннях, то пры сапраўднай атацы газ запоўніў бы ўсе падземныя сховішчы, і там бы былі не сотні, а тысячы пацярпелых. Таму ў мяне вялікі сумнеў, што ўжываўся газ хлор. Карціна паражэння не кажа пра гэта. Тое, што паказалі на экранах, гэтыя ахвяры – пры ўжыванні хлору рэчыва паражае дыхальныя шляхі, лёгкія і г.д. У людзей няма вонкавых пашкоджанняў, яны проста задыхаюцца, кашляюць. І паліваць іх вадой гэта недарэчнасць, бо хлор дзейнічае на органы дыхання. На гэтай падставе я лічу, што гэта тая самая інфармацыйная вайна. Бакі абменьваюцца фэйкамі, а фэйк цяпер гэта зброя інфармацыйнай вайны. На мой погляд, гэтую меру накіравалі супраць Расеі, яе хацелі прыстрашыць, каб яна не пашырала далей зону свайго ўплыву ў Сірыі. Ці ўдалося гэта, будзем глядзець далей.

Відавочна Пуцін цяпер у выйгрышы. У яго развязаныя рукі, і ён можа ў любым месцы прадпрыняць адказ. Ён маўчаў, калі Трамп пісаў у «Twitter», ён ні на што не адказваў. І вось цяпер, калі быў нанесены ўдар, ён сказаў, што гэта парушэнне нормаў ААН, то бок ён захаваў карэктнасць, і цяпер можа дзейнічаць цішком у любым месцы. Так сказаць, мяч на ягоным баку.

Чаму быў нанесены ўдар

Ракетны абстрэл стаў адказам на хімічную атаку ў горадзе Дума, апошнім аплоце антыасадаўскіх баевікоў у рэгіёне Усходняя Гута ў мінулую суботу. Загінула больш за 70 чалавек. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у шпіталі з сімптомамі ўздзеяння хімічных рэчываў трапілі каля 500 пацыентаў.

ЗША, Францыя, Брытанія і іншыя краіны абвінавацілі сірыйскага дыктатара Башара Асада ў выкарыстанні хімічнай зброі. Урад Асада зняпраўдзіў гэтыя звесткі і абвінаваціў паўстанцаў у Думе ў фабрыкаванні доказаў хімічнага нападу. Такую ж пазіцыю агучылі Іран і Расея, галоўныя спонсары і хаўруснікі Асада.

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu, фотаздымак Hassan Ammar/AP

Глядзі таксама
Каментары