Алесін: У Расеі можа ўзнікнуць жаданне перасунуць ракетныя комплексы на захад Беларусі

video

Ці выклічуць новыя аб’екты NATO на ўсходнім флангу адказ Крамля?

https://www.youtube.com/watch?v=UmCKYF-DYmk&feature=youtu.be

Гэты тыдзень распачаўся з візіту ў Менск міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова і практычна супаў у часе з запускам супрацьракетнай базы ў Румыніі – першай наземнай у Еўропе. Да мінулага тыдня пускавыя сістэмы размяшчаліся толькі на амерыканскіх і галандскіх караблях у Міжземным моры.

«У пытаннях еўрапейскай бяспекі мы падзяляем занепакоенасць у сувязі з тым, што нашыя калегі з краінаў NATO спрабуюць нагнятаць канфрантацыю, перасоўваюць вайсковую інфраструктуру на ўсход», – заявіў Лаўроў.

На ўсход і крыху на поўнач: пасля адкрыцця 12 траўня румынскай базы, 13 траўня першы камень паклалі пад будаўніцтва новай – на поўначы Польшчы. Гэты парасон, паводле заяваў NATO, мае бараніць прастору Альянсу. Але зусім не ад Расеі.

Вось як гэта тлумачыць Марцін Тэрлікоўскі (Marcin Terlikowski) з Інстытуту міжнародных справаў Польшчы:

«Тая база, якая паўстане ў Рэдзікове (Redzikowo), – гэта копія сістэмы проціракетнай абароны караблёў класу «Эгіс». Гэта не аграмадная база з сотняю ракетаў, а вельмі маленькая інсталяцыя з радарам і малою колькасцю пускавых сістэмаў, здольная перахопліваць адзіночныя ракеты, якія ляцяць з Ірану або наагул з Блізкага Усходу».

З аднаго боку, Іран падпісаў з ЗША дамову аб спыненні сваёй ядравай праграмы. З другога – навошта Ірану бамбіць Румынію і Польшчу?

Каментуе вайсковы эксперт Аляксандр Алесін:

«Гэта жаданне загрузіць уласныя вайсковыя магутнасці, з аднаго боку. З другога – у перспектыве яны змогуць удасканаліць сістэму, каб паменшыць ядравы патэнцыял Расеі.

Пасля Украіны NATO вымушанае дбаць пра абарону патэнцыйных ахвяраў Пуціна – старымі добрымі жаўнерамі.

«Мяркую, пераход да прысутнасці ў нас батальёнаў – наступны крок. Давайце думаць, куды мы пойдзем пасля», – адзначае прэм’ер-міністр Эстоніі Тааві Рыйвас (Taavi Rõivas).

Вынік «зялёных чалавечкаў» у Крыме – не антыракетны парасон, а магчымыя базы з жаўнерамі ў балтыйскіх краінах.

«Гэта не так, што Расея сядзіць і думае: «Як мы можам ўварвацца ў Прыбалтыку?» Мяркую, што гэта больш страх: калі краіны Балтыі лёгка «сарваць з дрэва», то гэта можа стварыць некаторыя спакусы ў Маскве», – заўважае палітолаг Марк Галеоцці (Mark Galeotti).

Сваю палітыку ў дачыненні такіх спакусаў NATO вызначыць на ліпеньскім саміце ў Варшаве.

«Пашырэнне вайсковай прысутнасці ў Польшчы, Літве і Латвіі – гэта непасрэдны вынік расейскай агрэсіі ўва Украіне ды агрэсіўнай вайсковай палітыкі ў дачыненні NATO: блізкіх пралётаў самалётаў ды памежных правакацыяў», – працягвае Марцін Тэрлікоўскі.

NATO пашырае сваю прысутнасць не толькі на Балтыцы, але і на Адрыятыцы: 29-м сябрам Альянсу стане славянская Чарнагорыя.

Улетку Беларусь можа аказацца заціснутаю паміж двума баксёрамі. А завязваць пальчаткі яны пачынаюць ужо сёння, калі першаму падаецца, што ракеты – гэта блок, а другому – што аперкот.

«NATO выклікае ў Расеі жаданне перасунуць свае ракетныя комплексы аператыўна-тактычнага прызначэння «Іскандэр» бліжэй на захад. У Калінінград Масква можа перасунуць іх свабодна, але з Калінінграду ўсю тэрыторыю Польшчы не захопіш. Таму ёсць жаданне выкарыстаць заходнія рэгіёны Беларусі», – мяркуе Аляксандр Алесін.

Калі такія думкі з’явяцца ў Крамлі, пытанне будзе – у тым, наколькі лёгка можна схіліць да такога сцэнара Лукашэнку. «Іскандэры» могуць папсаваць усю справу: кіраўнік Беларусі толькі-толькі пачаў новы віток адлігі з Захадам. Гэтую пятніцу беларускі лідар правёў у Рыме.

Дзяніс Дзюба

Матэрыял выйшаў у праграме «Прасвет», прапануем вашай увазе яе апошняе выданне (цалкам):

https://www.youtube.com/watch?v=uMJiDtm_EzQ

Глядзі таксама
Каментары