Алесь Міхалевіч: Публічнае прызнанне ў «сексоцтве» – гэта грамадская споведзь


Абнародаванне дакументаў пра сакрэтную супрацу прэзідэнта Польшчы Леха Валэнсы з камуністычнымі спецслужбамі для польскага грамадства сталася шокам. У Беларусі пакуль што адкрыццё архіваў КДБ выглядае чымсьці нерэальным. Пра тое, як вярбуюць агентаў і як гэтага можна пазбегнуць, «Белсат» паразмаўляў з апазіцыйным палітыкам Алесем Міхалевічам, які пасля выхаду з СІЗА прызнаўся, што падпісаў абавязальніцтва супрацоўнічаць з КДБ

– Асоба трапляе ў поле зроку спецслужбаў. Я можна адрозніць, калі яны з табой размаўляюць, запалохваюць, а калі ўжо вярбуюць?

– Можа адбывацца так званая папярэдняя вярбоўка: намацванне глебы, ці чалавек гатовы. Са мной так было ў годзе 1993-м. Нас, актывістаў «Задзіночання беларускіх студэнтаў», пабілі пад час прысягі вайскоўцаў 8 верасня на плошчы Незалежнасці. Мы выйшлі з транспарантамі «8 верасня – дзень беларускай вайсковай славы», «Вітаем нашчадкаў аршанскіх ваяроў!», а беларускі генералітэт быў заўсёды вельмі прарасейскі, нягледзячы на «разгул дэмакратыі». Мы звярнуліся ў медыі і ў пракуратуру. На факультэце са мной сустракаўся прадстаўнік КДБ. Ён узяў у мяне паказанні, а пасля пацікавіўся, ці не хацеў бы я з імі супрацоўнічаць. Я сказаў «не».

Чытайце таксама: Рэха скандалу з Валэнсам: як праводзіць люстрацыю ў Беларусі?

Звычайна калі прапаноўваюць супрацоўнічаць, то робяць гэта наўпрост і ў адназначных словах. Калі я быў дэпутатам Пухавіцкага раённага савету, мяне вербавалі наўпрост. Са мной сустрэўся чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам Камітэту фінансавых расследаванняў. Таму я і пайшоў на сустрэчу, падумаў, можа, чалавек хоча нешта цікавае паведаміць. Вядома, сярод іх ёсць тыя, хто на баку дэмакратычных зменаў. Тады была вельмі класічная размова: «мы вам дапаможам у гэтым і ў гэтым», а калі не, то пакараем «тым і тым». Узамен ён хацеў, каб я стаў агентам. Я адразу пра гэта паведаміў у прэсу.

Значак КДБ яшчэ да змены дзяржаўнай сімволікі

– У адным з інтэрвю пасля 2010 году Вы казалі: «Я далёка не адзіны, каму КДБ абяцала дапамагчы ў кар’еры». Ці ў іх светлыя намеры сапраўды так рэальна паверыць?

– Мне было цяжка паверыць, бо тыя не ўмелі нават па-беларуску размаўляць. Яны любяць распавядаць, што яны за незалежнасць. Мова – добры індыкатар. Хоць у тым ведамстве шмат людзей, якія цудоўна гавораць па-беларуску.

– Ці была апошняя кропля, пасля якой Вы пагадзіліся падпісаць згоду на супрацу?

– Я пагадзіўся падпісаць згоду на супрацу, але ніколі не збіраўся станавіцца агентам. Пасля катаванняў у СІЗА КДБ мяне змусілі размаўляць з аператыўнікамі КДБ, бо да гэтага я камунікаваў толькі са следчым пад пратакол з перакладчыкам з беларускай мовы на расейскую. Мне сказалі, калі я не агент замежных спецслужбаў, мяне выпусцяць. Той чалавек сказаў, што ў яго была размова з Зайцавым, кіраўніком КДБ. Зайцаў спытаў з таго супрацоўніка, ці ён гарантуе, што Міхалевіч будзе з імі далей супрацоўнічаць. Той адказаў «не». На што ён сказаў, тады адзіны ягоны спосаб выйсці адсюль – падпісаць такую паперку.

Я спытаўся, колькі я магу падумаць. Мне адказалі «паўгадзіны». Праз пару хвілін я падпісаў. Гэта быў апошні дзень двух месяцаў знаходжання пад вартай.

Я ведаў, калі мяне ў той дзень не выпусцяць, то працягнуць утрыманне пад вартай яшчэ на тры месяцы. Разлік быў просты: чым раней распавяду пра катаванні ў следчым ізалятары, тым хутчэй яны спыняцца.

– Як выглядае тая папера і тэкст? Ён быў падобны на абавязальніцтва Леха Валэнсы?

– Я думаю, што тэкст усюды вельмі падобны. Чалавек піша сваёй рукой: «Я, такі-такі, добраахвотна даю згоду супрацоўнічаць у якасці агента і бяру аператыўны псеўданім такі-та». У мяне быў «Гаўрыла». Далей усе даносы маюць быць падпісаны тым імем. Пад маім псеўданімам маёй рукой ніводнага даносу не напісана.

– Вы таксама казалі, што ёсць такія віды супрацы «не робіш канкрэтных рэчаў – цябе не чапаюць» і самацэнзура.

– Калі так разважаць, то 100% грамадства супрацоўнічае з КДБ. «Калі мы будзем вельмі актыўна сябе паводзіць, наш офіс у Менску закрыюць», «калі будзем чапаць непапулярныя тэмы, замест 10 чалавек акрэдытуюць 5». Нефармальны ціск заўсёды ёсць. Гэта не супраца ў чыстым выглядзе. Супрацоўніцтва пачынаецца, калі чалавек або дае інфармацыю, усведамляючы, што мае справу з супрацоўнікам органаў, або падпісвае забавязальніцтва. Першае на іх жаргоне называецца аператыўны кантакт, другое – агент.

– Наколькі вялікае значэнне маюць даносы ў працы спецслужбаў?

– Гэта важна не толькі ў плане атрымання інфармацыі, але і ў тым, што ёсць людзі, якімі можна маніпуляваць. Можна складаць камбінацыі. Табе гавораць, з кім сустрэцца і што даведацца або нават што і з кім рабіць. Найбольш людзі баяцца прызнацца, што яны зрабілі нешта дрэннае. Любы данос сам па сабе – вельмі дрэнна. Гэта відаць па справе Валэнсы. Людзі, што маюць сумленне, усведамляюць, што робяць паскудства. Тады пачынаюцца вельмі непрыемныя псіхалагічныя рэчы: падваенне асобы, самаапраўданне.

Нашыя спецслужбы агентаў не цэняць. Гэта расходны матэрыял. Людзі, якім гэта прапануюць, мусяць гэта ўсведамляць. Калі будзе патрэбна, іх «спаляць» не задумваючыся.

– Ці ўсім затрыманым на працяглы час апазіцыянерам прапаноўваюць супрацу за вызваленне? Ці раілі б усім завербаваным пакаяцца цяпер, бо рана ці позна праўда выйдзе?

– Усім завербаваным раю публічна распавесці, не толькі таму што рана ці позна ўсё адкрыецца, але і перш за ўсё дзеля ўласнага сумлення. На першае пытанне – такія рэчы лепш пытацца ў саміх супрацоўнікаў КДБ, я з іншымі палітвязнямі падчас знаходжання ў следчым ізалятары не перакрыжоўваўся. Думаю, што агульнай задачай для іх было збіць хвалю пратэстаў, «паставіць працэс пад кантроль»: кагосьці заляпаць у бруд, кагосьці проста зламаць, а кагосьці зрабіць агентам. Пра тое, ці сярод апазіцыйных лідараў шмат агентаў, магу толькі здагадвацца.

-Як на Вашае рашэнне распавесці пра падпісанне забавязальніцтва з КДБ адрэагавалі сябры, сям’я, калегі?

– Сям’я і сябры – вельмі добра. А іншыя мяне мала цікавілі. Для мяне было важна самаадчуванне, бо я хацеў застацца незалежным чалавекам.

Помнік чэкістам Магілёўшчыны

– Пасля прызнання з боку спецслужбаў былі нейкія пытанні, пагрозы?

– Мяне выклікалі на допыт. Следчы спытаўся, ці я мог бы сустрэцца з нейкімі іншымі супрацоўнікамі. Я адказаў, што не. Тады ён сказаў: «Вам прасілі перадаць вось гэта». Паказаў фота маіх размоваў з імі, дзе я п’ю гарбату. Тое, што на БТ было, толькі здымкі, а не відэа. Я сказаў, гэтага не баюся. Пасля ад’езду, ужо калі я быў за мяжой, праз аднаго чалавека, які выйшаў пазней за мяне, «перадавалі прывітанні», казалі, што «ў іх даўгія рукі», адзін раз нагадалі пра справу Літвіненкі. Пасля вяртання… хапае таго, што застаюся ў статусе абвінавачанага па крымінальнай справе.

– Што Вы раілі б рабіць людзям, якіх вымусілі даносіць?

– Прызнавацца публічна. Калі гэта немагчыма, то расказваць блізкім. Вельмі заклікаю сяброў спакойна да гэтага ставіцца і не выключаць чалавека з жыцця. Я не ўяўляю людзей, якія самі прыйшлі б і сказалі б «хачу быць агентам». Усіх на чымсьці падлоўліваюць. Як правіла, усім пагражаюць.

Распавесці публічна – гэта як споведзь, пасля якой мае быць адпушчэнне грахоў. Калі чалавек спавядаецца шчыра і поўна, то гэта не мае трактавацца як смяротны грэх. Я кажу пра стаўленне з боку грамадства.

– Вельмі часты аргумент супраць люстрацыі тое, што яшчэ жывыя людзі, якія займаліся даносамі, і ў іх ёсць дзеці. Што Вы думаеце на гэты конт?

– Я ведаю, што мой дзед займаў высокую наменклатурную пасаду ў 1937 годзе. Для мяне не будзе здзіўленнем, калі я знайду ягоныя даносы. Я спадзяюся, што мяне ніхто не стане ўпікаць, што рабіў мой дзед. Мы не выбіраем, у якой сям’і нарадзіцца. Безумоўна, неабходна адкрываць архівы, аблічбоўваць і выстаўляць у адкрыты доступ дакументы. Каб людзі ведалі, і некаторым было сорамна. Каб будучыя пакаленні ведалі, што ты можаш данасіць і стаць галоўным урачом ці дырэктарам школы, толькі тваім дзецям будзе сорамна за бацькоў. Часам лепш не зрабіць вялікай кар’еры, але захаваць чыстым сумленне.

– Як Вы сябе адчуваеце сёння, калі расказваеце пра гэты эпізод біяграфіі?

– Вельмі свабодна. Зрэшты, распавядаю не першы раз. Я з тых нешматлікіх людзей, якім няма чаго ўтойваць. Самае дрэннае, што пра мяне маглі выкінуць, ужо выкінулі. Кампрамат – тое, чаго чалавек баіцца. Я з самага пачатку ведаў, што я распавяду ўсё, што там са мной адбывалася. Усе непрыемныя рэчы, якія можна супраць цябе выкарыстаць, лепш распавесці адразу.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў