Алесь Бяляцкі патрабуе ад Генпракуратуры праверыць звесткі пра катаванні фігурантаў справы «Белага легіёну»


Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі звярнуўся да Генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка з патрабаваннем правесці праверку звестак аб выкарыстанні катаванняў у адносінах да фігурантаў «справы патрыётаў» у СІЗА КДБ і МУС.

«Як прадстаўнік праваабарончай супольнасці Беларусі, я вельмі занепакоены з’яўленнем інфармацыі аб магчымым выкарыстанні недазволеных метадаў у дачыненні да абвінавачаных па гэтай справе. Асабліва ўлічваючы той факт, што інфармацыі аб катаваннях у СІЗА КДБ, агучаная кандыдатам у прэзідэнты Алесем Міхалевічам, у свой час знайшла сваё пацвярджэнне», – цытуе Бяляцкага праваабарончы сайт spring96.org.

Паводле заснавальніка «Белага легіёну» Сяргея Чыслава, арыштаваныя фігуранты «справы патрыётаў» падвяргаюцца ў СІЗА катаванням і ўздзеянню псіхатропаў.

«Лічу, што дадзеная інфармацыя сведчыць аб магчымых парушэннях правоў асобаў, што з’яўляюцца абвінавачанымі па дадзенай крымінальнай справе і ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ і МУС. Супрацоўнікамі міліцыі, прадстаўнікамі іншых дзяржаўных органаў да затрыманых маглі быць незаконна выкарыстаныя спецыяльныя сродкі і фізічная сіла. Так, адзін з затрыманых па справе Міраслаў Лазоўскі, як вынікае з сюжэту, паказаным па нацыянальным тэлебачанні, падчас затрымання быў збіты, на твары былі сляды крыві і пабояў. Між тым законнасць і неабходнасць прымянення да яго фізічнай сілы супрацоўнікамі міліцыі павінны строга адпавядаць патрабаванням дзейнага заканадаўства, не мець характар здзекаў і катаванняў», – адзначае Бяляцкі.

Праваабаронца просіць генпракурора правесці праверку ўказаных у СМІ звестак і пры ўстанаўленні фактаў выкарыстання катаванняў устанавіць і прыцягнуць да адказнасці вінаватых.

 

ІІ, паводле spring96.org, belsat.eu

Стужка навінаў