Алена Анісім: Беларуская эліта павінна выхоўвацца ў нацыянальным універсітэце


Намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім, якая па выніках парламенцкіх выбараў прайшла ў Палату прадстаўнікоў, у адмысловым інтэрвʼю «Белсату» распавяла пра планы на будучыню.

Спадарыня Анісім заўважыла, што ейная кампанія, якая цалкам вялася на беларускай мове, ускалыхнула шмат якіх выбарцаў і паспрыяла як папулярнасці ТБМ, гэтак і распаўсюду ідэяў арганізацыі.

«Далейшыя планы – рэальны статус беларускай мовы як дзяржаўнай, а не дэклараванай, як гэта ёсць цяпер. Першае, пра што я ўжо казала, нашая арганізацыя падрыхтавала закон аб дзяржаўным падтрыманні беларускай мовы. Канешне, мы яго будзем уносіць і для гэтага складу парламенту. Акрамя таго, ёсць яшчэ нашая задумка – Нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання. І гэта тая праца, якую мы запачаткавалі і якую не збіраемся кідаць, бо лічым, што беларуская эліта павінна выхоўвацца ў нацыянальным універсітэце», – адзначыла спадарыня Анісім.

Дзяячка заўважыла, што можа ацэньваць справядлівасць выбараў толькі па тым, у чым удзельнічала сама. «Я працавала, як кажуць, і дзень, і ноч, па ўсіх сваіх раёнах праехалася, па многіх населеных пунктах, сустракалася з выбарцамі двойчы-тройчы на дзень, як атрымлівалася. Таму я лічу, што я адпрацавала на ўсе 100 % разам са сваёй камандай, за што я ёй вельмі ўдзячная, як удзячная і ўсім журналістам, бо атрымлівала ад іх такую пазітыўную энергію, такое жаданне і чаканне поспеху, што проста іншага выніку не павінна было быць. Так яно і сталася», – заўважыла намесніца старшыні ТБМ.

Глядзіце яшчэ >>> Ці Анісім і Канапацкая перамогуць Лукашэнку?

Паводле спадарыні Анісім, каб фіксаваць парушэнні, трэба мець назіральнікаў. У яе ж не было такога рэсурсу, таму зафіксаваць нейкія парушэнні, яна не здолела.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў