Regnum апублікаваў інтэрв’ю са Святланай Алексіевіч, хаця пісьменніца забараніла гэта рабіць


Святлана Алексіевіч дала інтэрвʼю расейскаму прапагандысцкаму інфармагенцтву «Regnum». Падчас размовы журналіст спрабаваў правакаваць пісьменніцу сваймі пытаннямі, на што Святлана Алексіевіч кожны раз рэзка, але разам з тым адэкватна адказвала. У выніку нобэлеўская лаўрэатка забараніла друкаваць інтэрвʼю, аднак тэкст размовы ўсё ж з’явіўся на сайце інфармацыйнага агенцтва. Пазней Святлана Алексіевіч заявіла, што не давала інтэрв’ю «Regnum», і што журналіст назваўся выданнем «Деловой Петербург». Падаем некаторыя фрагменты гутаркі, апублікаванай інфармацыйным агенцтвам.

Пра «дзяржаўны пераварот» ва Украіне

REGNUM: Ва Украіне адбыўся дзяржаўны пераварот.

Святлана Алексіевіч: Не, гэта быў не дзяржаўны пераварот. Гэта глупства. Вы шмат глядзіце тэлевізар.

Я там нарадзіўся.

Гэта быў не дзяржаўны пераварот. Гэта добра працуе рускае тэлебачанне. Дэмакратам трэба было б так скарыстацца тэлебачаннем, яны яго недаацанілі. Сённяшняя ўлада ўкладвае ў свядомасць тое, што ёй трэба. Гэта быў не пераварот. Вы не ўяўляеце, якая беднасць была вакол…

Уяўляю.

… як там кралі. Змена ўлады была жаданнем людзей. Я была на Украіне, хадзіла ў музей «нябеснай сотні», і простыя людзі мне расказвалі пра тое, што там было. У іх два ворагі – Пуцін і ўласная алігархія, культура хабарніцтва.

У Харкаве на мітынгу ў падтрымку майдана прымалі ўдзел трыста чалавек, а супраць майдана – сто тысяч. Потым ва Украіне адкрылі пятнаццаць турмаў, у якіх сядзіць некалькі тысяч чалавек. А прыхільнікі майдана ходзяць з партрэтамі відавочных фашыстаў.

А ў Расеі няма людзей, якія ходзяць з партрэтамі фашыстаў?

Яны не знаходзяцца ва ўладзе.

Ва Украіне яны таксама не знаходзяцца ва ўладзе. Парашэнка і іншыя – не фашысты. Вы разумееце, яны хочуць аддзяліцца ад Расеі, ісці ў Еўропу. Гэта ёсць і ў краінах Балтыі. Супраціў прымае жорсткія формы. Потым, калі яны сапраўды стануць незалежнай і моцнай дзяржавай, гэтага не будзе. А цяпер яны валяць камуністычныя помнікі, якія і нам бы варта было паваліць, выганяюць тэлевізійныя праграмы. А што, яны будуць глядзець Салаўёва і Кісялёва?

Пра вайну ў Чачэніі

Нават калі пагадзіцца з пазіцыяй (хоць я з ёй цалкам не згодны), што людзі ў Кіеве «выйшлі самі»: пасля гэтага людзі ў Данецку таксама выйшлі самі, без зброі, іх не сталі слухаць, іх спрабавалі разганяць, і потым яны выйшлі са зброяй. І тыя, і іншыя выйшлі адстойваць свае ўяўленні аб правільным. Чаму дзеянні першых магчымыя, а другіх не?

Вы тое ж самае рабілі ў Чачэніі, каб захаваць дзяржаву. А калі ўкраінцы сталі бараніць сваю дзяржаву, вы раптам узгадалі пра правы чалавека, якія на вайне не выконваюцца. Вы, рускія, у Чачэніі паводзілі сябе яшчэ горш.

Я не палітык. Але калі ставіцца пад пытанне цэласнасць дзяржавы, гэта праблема палітыкі. Калі туды ўводзяць чужыя войскі і пачынаюць на чужой тэрыторыі наводзіць парадкі. Па якім праве Расея ўвайшла ў Данбас?

Несвабодныя людзі Беларусі ды Расеі

Зразумела. Вы ў шматлікіх інтэрвʼю казалі, што вашыя знаёмыя з асцярогай глядзелі і глядзяць на тое, што адбываецца на Майдане і што эвалюцыйны шлях развіцця, безумоўна, лепш. Вы, напэўна, мелі на ўвазе перш за ўсё Беларусь, але, напэўна, і Расею таксама? Як вы ўяўляеце, як павінен выглядаць гэты эвалюцыйны шлях, які тут спатрэбіцца?

Патрабуецца рух самога часу. Гледзячы на ​​пакаленні, якія прыйшлі пасля таго пакалення, якое чакала дэмакратыі, я бачу, што прыйшло вельмі сервільнае пакаленне, зусім несвабодныя людзі. Вельмі шмат прыхільнікаў Пуціна і ваеннага шляху. Так што цяжка казаць, праз колькі гадоў Беларусь і Расея ператворацца ў вольныя краіны.

Але рэвалюцыю як шлях я не прымаю. Гэта заўсёды кроў, а да ўлады прыйдуць усё тыя ж людзі. Іншых людзей пакуль няма. У чым праблема дзевяностых гадоў? Не было свабодных людзей. Гэта былі тыя ж камуністы, толькі з іншым знакам.

«Боль і страх на сумленні Пуціна»

Гэта няпраўда. Узімку 2013 года, да Крыму, мы пачулі, куды варта адправіць «маскаляку». А ў лютым 2014 года, адразу пасля дзяржаўнага перавароту, да усялякіх Крымаў, мы ўбачылі праекты законаў супраць выкарыстання расейскай мовы. Людзі, якія жывуць у паўднёва-ўсходняй частцы Украіны, лічаць сябе рускімі і не лічаць Бандэру героем. Яны выйшлі пратэставаць. А вы чамусьці лічыце, што людзі, якія жывуць у Кіеве, маюць права на пратэст, а тыя, хто жывуць на ўсход, такога права не маюць.

А хіба там былі не расейскія танкі, не расейская зброя, не расейскія кантрактнікі? Трызненне ўсё гэта. Калі б не было вашай зброі, там бы не было вайны. Так што не дурыце мне галаву гэтым глупствам, якім забітая вашая галава. Вы так лёгка паддаецеся ўсялякай прапагандзе. Так, там боль, там страх. Але гэта на вашым сумленні, на сумленні Пуціна. Вы ўварваліся ў чужую краіну, на якой падставе? У інтэрнэце мільён здымкаў, як туды ідзе расейская тэхніка. Усе ведаюць, хто збіў [боінг] і ўсё іншае. Давайце ўжо заканчваць вашае ідыёцкае інтэрвʼю. У мяне ўжо няма сілаў на яго. Вы проста набор прапаганды, а не разумны чалавек.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, фотаздымак Fabrizio Bensch/ Forum

Глядзі таксама
Каментары