Алег Трусаў: У апазіцыі ёсць унікальная магчымасць аб’яднацца


Удзельнікі Усебеларускага кангрэса за незалежнасць распавялі «Белсату» пра ўдзел у выбарах і жаданне легітымізаваць беларускі парламент.

Алена Анісім, намесніца старшыні ТБМ:

«Сённяшні парламент зусім не карыстаецца павагай у жыхароў Беларусі. І гэтую сітуацыю трэба нейкім чынам змяняць. І таму Таварыства беларускай мовы ўпершыню прыняло зварот аб тым, каб ісці ў беларускі парламент, каб яго рэфармаваць. Каб ён сапраўды стаў органам народнай улады. Чаму ён такім не з’яўляецца? Таму што ён не карыстаецца той мовай тытульнай нацыі нашай краіны».

Леанід Дзейка, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету:

«У Беларусі адзін палітык вельмі часта любіць гаварыць, што ва ўсім трэба ісці і ён ідзе ад жыцця. Вось і апазіцыйным сілам у дадзеных сённяшніх умовах таксама трэба ісці ад жыцця, ад сітуацыі, якая складваецца ў грамадстве, эканамічнай, сацыяльнай і г.д. Няўдзел у выбарах – гэта ўсім ужо зразумела – абсалютна непрымальны.

Трэба выкарыстоўваць нават удзел у гэтых выбарах у Палату прадстаўнікоў як магчымасць данесці да грамадства альтэрнатыўныя думкі. Нагадаць пра тое, што можа быць нармальны заканадаўчы орган, які будзе значна ўплываць на іх жыццё».

Мечыслаў Грыб, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету:

«Сённяшні парламент фактычна не абіраецца, фактычна прызначаецца. Калі ён прызначаецца, то і служыць не выбарнікам, а таму, хто яго прызначае. Гэта ўсё трэба мяняць: каб парламент быў парламентам, каб ён абіраўся выбарнікамі, каб ён быў справаздачны перад выбарнікамі, і каб ён адказваў за заканадаўчую дзейнасць у нашай краіне».

Алег Трусаў, старшыня ТБМ

«Доўгі час людзі закідвалі апазіцыі, што яна не можа аб’яднацца. На самой справе за 20 гадоў ніколі апазіцыя не выступала адным фронтам. І цяпер ёсць унікальная магчымасць аб’яднацца падчас выбарчай кампаніі, якая будзе ў гэтым годзе. Я лічу, што было б добра, каб мы сабралі ўсіх дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты – а іх будзе шмат, кожная ж партыя будзе вылучаць – і аб’ядналіся па прынцыпе «ідзем у гэты парламент, каб зрабіць яго легітымным». То бок ліквідацыя гэтага сходу, ліквідацыя двух палатаў.

Парламент павінен быць беларускі па духу, па сутнасці, па мове. І ён павінен вырашаць усе жыццёвыя пытанні народу. Пры гэтым заробак дэпутата – сярэдні па краіне, і пенсія – сярэдняя па краіне. Каб дэпутат залежаў ад людзей».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў