Алег Сянцоў галадуе ўжо 74 дні і самае важнае цяпер – каб ён выжыў


Украінскія дзеячы культуры напісалі ліст Сянцову, каб прыпыніў галадаванне, бо не выжыве.

Рэжысёр па-ранейшаму змагаецца, хаця расейскія ўлады не збіраюцца яго вызваляць і цягнуць час.

Крэмль вытрымаў ціск падчас мундыялю. А, хутчэй, удала пераводзіў увагу ад справы зняволенага ў Расеі Алега Сянцова. Падчас футбольнага чэмпіянату ўвага сусветных медыяў накіроўвалі туды, куды хацела Масква. На радасць заўзятараў. Тым часам асуджаны на 20 гадоў зняволення ўкраінскі рэжысёр у расейскім лагеры галадае ад 14 траўня. Ужо 74 дні. Яго пратэст не мае прэцэдэнтаў у сучаснай гісторыі барацьбы за правы чалавека.

Заклік дзеячаў культуры

Больш за пяцьдзясят украінскіх дзеячаў культуры і грамадскіх дзеячаў (сярод іх Сяргей Жадан, Ліна Касценка, Яніна Сакалова) напісалі Сянцову ліст-просьбу прыпыніць галадаванне.

«У свеце не так шмат людзей такой волі, як ты. Мы ведаем, што ты не любіш, калі пра цябе кажуць добрае. Але такі валявы, моцны духам чалавек патрэбны нам жывым. Менавіта для таго, каб працягнуць далейшую барацьбу за ўсіх нашых хлопцаў, за якіх ты гатовы аддаць жыццё», – адзначаецца ў лісце.

Ён нагадвае просьбу, якую ў 1976 годзе вядомы савецкі дысідэнт Андрэй Сахараў напісаў да Мустафы Джэмілева – апазіцыянера і дзеяча крымска-татарскага народу. Джэмілева асудзілі на 15 гадоў лагеру і ён галадаваў у калоніі пад Омскам 303 дні. Тады Мустафа Джэмілеў паслухаў Сахарава і спыніў галадаванне.

«Хочам, каб Сянцоў жыў – гэта цяпер самае важнае, і толькі тады мы зможам змагацца за яго далей. Такі доўгі пратэст галадаваннем – гэта перамога Алена. Гэта было бачна па істэрыі расейскіх уладаў», – кажа Яўгеній Захараў з Украінскага Хэльсінскага саюзу.

Асабліва падчас мундыялю Масква рабіла шмат, каб заглушыць тэму пратэсту Сянцова. Расейскія медыі шматразова выказвалі меркаванне, што ўкраінскі рэжысёр толькі робіць выгляд, што галадуе, а сам па-ціхаму есць. Сёння расейскія ўлады сцвярджаюць, што пратэст з’яўляецца акцыяй прапаганды, а Сянцоў адчувае сябе нармальна.

Генерал па правах чалавека

Ва ўкраінскіх гарадах білборды, якія заклікаюць вызваліць Алега Сянцова, вісяць амаль на кожным тэатры, на кінатэатрах, помніках і месцах, звязаных з культурай. Заклікі вызваліць рэжысёра гучаць і ў іншых краінах.

Людзі культуры з цэлага свету патрабуюць вызваліць Сянцова. Сярод іх – акторка Мэрыл Стрып. Фота kyivpost.com

Аднак Расею гэта не ўражвае. Яшчэ ў канцы чэрвеня ажылі надзеі, што расейскія ўлады адпусцяць Сянцова і абмяняюць, напрыклад, на затрыманага ва Украіне журналіста расейскага агенцтва «РИА Новости» Кірыла Вышынскага. У Кіеў тады паехала расейская абмудсмэнка Таццяна Маскалькова, а ў Маскву накіравалася ўкраінская амбудсмэнка Людміла Дзянісава. Перамовы сарваліся. Дзянісава не магла наведаць украінскага вязні ў калоніі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. А Маскалькова, генерал-маёр паліцыі ў запасе, заявіла, што Алег Сянцоў выглядае «добра».

Расейская ўпаўнаважаная па правах чалавека ўчора ў інтэрв’ю «РБК» зноў сказала, што Сянцоў «адчувае сябе лепш». Паводле яе, украінец ходзіць, чытае газеты і выглядае нармальна. У той жа час Маскалькова адзначае, што калі стан Сянцова істотна пагоршыцца, кіраўніцтва турмы можа пачаць прымусовае кармленне.

«Выразна бачна, што пазіцыя Масквы ў справе Сянцова стала больш жорсткай і яго ўжо не збіраюцца выпускаць, бо міжнародны ціск, на жаль, вельмі слабы. Тэму ўкраінскіх вязняў выціснулі з публічнай дыскусіі з дапамогай дыпламатычнага наступу Пуціна, дзякуючы ягонаму спатканню з Трампам і г.д., калі тэма правоў чалавека ўвогуле не закраналася», – працягвае Яўгеній Захараў.

Расеі гэта дае магчымасць адкінуць сітуацыю вакол украінскіх вязняў убок. А таксама ствараць сіметрыю. Ужо цяпер расейскі ўлады, як і медыі, кажучы пра Сянцова адразу ж дадаюць, напрыклад, пра арышт ва Украіне Кірыла Вышынскага. Пасля затрымання ў ЗША ў падазрэнні ў шпіёнстве на карысць Расеі Марыі Буцінай, расейскі МЗС змяніў свой аватар у сацсетках на фотаздымак расейкі. З подпісам: #free Maria Butina». То бок гэта копія закліку вызваліць Сянцова. Уласна супраць будавання такой сіметрыі змагаецца ўкраінскі рэжысёр і людзі культуры з усяго свету, якія яго падтрымліваюць.

Michał Kacewicz/НМ, belsat.eu

Стужка навінаў