Алег Гайдукевіч па БТ палохаў апазіцыяй і выгукнуў «Жыве Беларусь!»


Падчас дэбатаў на дзяржаўным тэлебачанні сын кандыдата на прэзідэнта і ягоная давераная асоба Сяргей Гайдукевіч абрынуўся з крытыкай на апазіцыю, але напрыканцы свайго маналогу былы міліцыянт выгукнуў «Жыве Беларусь!»

Гайдукевіч заклікаў выбарнікаў не слухаць «казкі палітыкаў, як Таццяна Караткевіч, якія расказваюць, што ўсё так проста: прыйшоў да ўлады, праз год узняў зарплаты і пенсіі, сацыяльныя дапамогі – і ва ўсіх усё стане добра». «Не, сённяшняя эканамічная сітуацыя ў краіне абумоўленая шэрагам фактараў, – заявіў Гайдукевіч. – У першую чаргу, эканамічны крызіс, які накрыў увесь рэгіён – і Расейскую Федэрацыю, і Еўразвяз. А вайна на Украіне. Пра які эканамічны рост можна казаць, калі ў суседняй братэрскай краіне ідзе вайна? Але мы сёння задаем сабе пытанне: ці ўсё ў нашай краіне робіцца для таго, каб нават у гэтых умовах зрабіць жыццё нашых грамадзянаў лепшым?»

Паводле слоў Гайдукевіча, для выхаду з крызіснай сітуацыі неабходная, у першую чаргу, усебаковая падтрыманне малога і сярэдняга бізнесу. «Бізнес – гэта матор эканомікі. Ужо цяпер мы прапаноўваем усе пустыя, безгаспадарныя адміністрацыйныя памяшканні аддаць бізнесу без арэнды на тры гады. Няхай развіваюцца. Неадкладна спрасціць падатковае заканадаўства, спрасціць праверкі. Мы шмат пра гэта гаворым, прэзідэнт шмат пра гэта гаварыў, але робіцца вельмі мала. Трэба, каб бізнес спакойна развіваўся», – сказаў Гайдукевіч.

Ён таксама заявіў пра неабходнасць прыватызацыі. «Яна наспела, – сказаў Гайдукевіч. – Ніхто нашы прадпрыемствы не забярэ з тэрыторыі нашай краіны. Патрэбны інвестары. Для таго каб інвестары прыйшлі, трэба стварыць ім больш камфортныя ўмовы для працы. Гэта ўсё можна зрабіць».

Гайдукевіч таксама падкрэсліў: «І самае галоўнае, каб усю гэтую эканамічную праграму ажыццявіць, патрэбен мір, парадак і спакой у краіне. Не будзе гэтага, не ажыццявім эканамічныя рэформы».

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў