Актывісты з бел-чырвона-белымі сцягамі сустракалі «Начных ваўкоў» на Кургане Славы


Перформанс з бел-чырвона-белымі і ўкраінскімі сцягамі, плакатам «Акупанты – вон» і партрэтам загінулага на Майдане гамельчука Міхаіла Жызнеўскага зладзілі ўначы грамадскія актывісты Вольга Нікалайчык, Андрэй Мельнікаў і Леанід Кулакоў.

«Гэта звычайная банда, і мы прыехалі ім пра гэта сказаць. Мы іх не баімся і на сваёй зямлі іх не чакаем. Чаму яны не ездзяць на сталінскія могілкі, дзе ляжаць сотні тысяч забітых беларусаў, забітыя сталіністамі? Яны ж не любяць Еўропу, навошта туды едуць?», – распавяла belsat.eu Вольга Нікалайчык.

Байкеры нягледзячы на забарону ўезду на тэрыторыю Еўразвязу вырушылі ў сваё турнэ прымеркаванае да 70-годдзя Дня Перамогі, аднак пакуль да Менску не даехалі. Як піша «Хартыя-97», чальцы клубу вырашылі затрымацца ў Смаленску і працягнуць мотапрабег сёння. У Беларусі яны плануюць наведаць Курган Славы, Хатынь і Берасцейскую крэпасць.

Паводле Дзяржаўнага памежна камітэту Беларусі, нашыя памежнікі прапусцяць удзельнікаў прабегу ў Польшчу, але не гарантуюць, што іх польскія калегі не завярнуць байкераў.

Лідар «Начных ваўкоў» Аляксандр Залдастанаў, блізкі сябра Пуціна, раней заяўляў, што брыгада не плануе адмаўляцца ад рэйду.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў