Актывісты вывесілі бел-чырвона-белыя сцягі ў Менску. Затрыманых журналістаў адпусцілі


Акцыя «Маладога фронту» на чале са Змітром Дашкевічам была прымеркаваная да 25-годдзя распаду СССР.

Ад 9 раніцы ў цэнтры Менску маладфронтаўцы вывешвалі на слупах нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі.

Актывісты пачалі каля Галоўпаштамта і перасоўваліся па праспекце Незалежнасці ў бок Кастрычніцкай плошчы. Усяго ўдалося вывесіць 25 сцягоў. Аднак міліцыянты праз 20 хвілін пасля пачатку акцыі пачалі здымаць нацыянальную сімволіку.

Акцыю здымалі журналісты. Каля КДБ затрымалі аператара «Нашай Нівы» Ірыну Арахоўскую і журналіста Мікіту Недаверкава. Міліцыянты сцвярджаюць, што яны вывешвалі сцягі. Журналістаў каля гадзіны пратрымалі ў Цэнтральным РУУСе і выпусцілі.

8 снежня спаўняецца 25 гадоў з дня падпісання Белавежскіх пагадненняў аб стварэнні СНД.

Нагадаем, што сёлета за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці сабралі 10 тысяч подпісаў. Подпісы збіралі ў Менску з 19 верасня па 19 кастрычніка. Цяпер пытанне аб статусе бел-чырвона-белага сцяга знаходзіцца на разглядзе ў Міністэрстве культуры.

ДР belsat.eu паводле svaboda.oeg, nn.by

Глядзі таксама
Каментары