Актывісты ўпарадкавалі могілкі ў Міры і адкапалі помнік паўстанцам 1863 года


[/vc_column_text][vc_column_text]Ушанаваць памяць тых, хто змагаўся за нашую свабоду. Валанцёры моладзевага грамадскага аб’ядання «Гісторыка» ўпарадкавалі старыя каталіцкія могілкі ў Міры ды ўсталявалі тут занядбаны помнік паўстанцам 1863 года, які доўгі час быў пад зямлёй.

«Калі мы сюды прыехалі, тут быў суцэльны лес. Першы раз калі мы сюды прыехалі, мы нават не ведалі, куды ўвайсці. Паўсюль былі кусты, маленькія клёнікі…», – кажа старшыня МГА «Гісторыка» Павел Іваніцкі.

Помнік быў усталяваны ў гонар паўстанцаў 1863-га года ксяндза Анджэя Крыжаноўскага і выгнанца-катаржніка Дамініка Крыжаноўскага. Абодва памерлі ды былі пахаваныя не на сваёй малой радзіме.

«І што для нас вельмі каштоўнае – гэта не новы помнік, усталяваны валанцёрамі, а жывая чалавечая памяць нашчадкаў Крыжаноўскіх, якія, дарэчы, пахаваныя тут недалёка. То бок гэта помнік без костак саміх паўстанцаў», – распавядае Таша Міхайлоўская з «Гісторыкі».

Апроч упарадкавання тэрыторыі могілак, валанцёры «Гісторыкі» паставілі сваёй мэтай стварыць каталог з поўным перапісам кожнай з магілаў, з усімі надпісамі на мове арыгіналу і перакладам на сучасную беларускую мову.

«Таксама вельмі цікавая інфармацыя будзе для філолагаў, каб прааналізаваць, якою мовай пісаліся надпісы на гэтых помніках. Бо, у прынцыпе, помнікі – вельмі кансерватыўная частка нашай культуры, бо самая мова можа мяняцца ў залежнасці ад часу, уладаў і гэтак далей, а мова на помніку застаецца такая, на якой у тыя часы гаварылі», – нагадвае Таша Міхайлоўская.

Апроч каталіцкіх, у Міры захаваліся таксама татарскія, габрэйскія і праваслаўныя могілкі, якія, апроч славутага Мірскага замку, могуць прывабіць сюды, на думку валанцёраў, турыстаў з розных краінаў. Што праўда, да прывядзення іх у добры стан у мясцовых уладаў няма ані часу, ані зацікаўленасці.

Віталь Бабін, «Белсат»

Стужка навінаў