Чальцоў кампаніі «Гавары праўду» з Пінску абурылі выказванні Таццяны Караткевіч пра затрыманне асобаў, якія пісалі беларусафобскія тэксты для расейскіх медыяў.
Былая кандыдатка на прэзідэнцтва Беларусі Таццяна Караткевіч у інтэрвʼю пракрамлёўскаму парталу “Еadaily” заявіла, што асабіста ведае Юрыя Паўлаўца, які на розных пляцоўках «проста выказваў сваё меркаванне».
Пры гэтым яна адзначыла, што не падзяляе поглядаў аўтараў расейскіх сайтаў і не згодная з іх ацэнкамі сітуацыі ў Беларусі. Палітык зрабіла акцэнт на тым, што не трэба «перакручваць гісторыю».
Актывісты з Пінску Дзмітрый Прылоўскі, Дзмітрый Сергіевіч і Аляксандр Копась заяўляюць, што «нацыянальнымі інтарэсамі гандляваць не трэба ні ў Маскве, ні ў Бруселі», ды чакаюць ад Таццяны Караткевіч «прабачэнняў за свае словы».
Тэкст заячвы апублікаваны на акаунце “УКанаткце” пінскага аддзялення арганізацыі.
Адразу пасля скандалу з затрыманнем аўтараў інфармагенцтва «Рэгнум» Кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў заявіў у «Размове дня» на «Белсаце», што Караткевіч «не казала ў іх абарону».
«Мы – за незалежнасць, але ў гэтай краіне ці есць іншыя метады, апрача як людзей саджаць? Ці павінны мы пакупацца на такую піяр-акцыю і падмяняць гэта сапраўднай працай дзеля суверэнітэту?», – заявіў Дзмітрыеў.
ПЛ, belsat.eu