Скандальны выбрык расейскіх актывістаў: як спрабавалі сарваць прэс-канферэнцыю АБСЕ (відэа)

video

Група асобаў з пашпартамі Расейскай Федэрацыі і журналістскімі пасведчаннямі выдання «Руская планета» сарвалі прэсавую канферэнцыю Спецыяльнага прадстаўніка дзеючага Старшыні АБСЕ ў Трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні Сітуацыі на Усходзе Украіны, амбасадара Марціна Зайдыка ў сераду, 15 лютага.

Мэтаю пратэстоўцаў было заклікаць расейцаў абʼяднацца і ўключыць у састаў Расеі Луганск і Данецк.

Расейцы раскідвалі ўлёткі з тэкстам кшталту:

«Парашэнка – забойца! Перамовы ў Менску павінны быць спыненыя!»

Фота youtube.com

Актывісты «Другой России» выкрыквалі лозунгі:

«Данбас ў састаў Расеі! Хопіць забіваць людзей!»

У сувязі з гэтым яны былі выдаленыя прадстаўнікамі праваахоўных органаў з прэс-канферэнцыі. У выніку прэс-канферэнцыя адбылася, і прадстаўнікі СМІ атрымалі інфармацыю аб выніках работы Трохбаковай кантактнай групы ў Менску ў поўным абʼёме.

Адзін з удзельнікаў акцыі, які пажадаў застацца невядомым, распавёў на камеру:

«Любы расейскі чалавек, які паважае сябе, павінен выказаць салідарнасць з нашай акцыяй і далучыцца да яе. Я не разумею, чаму гэтага не адбываецца на самай справе».

Прэс-служба МЗС Беларусі на сваем сайце зрабіла заяву, што «расцэньвае дадзенае дзеянне як свядомую правакацыю, якая была накіравана на зрыў перамоўнага працэсу і дыскрэдытацыю Менскай перамоўнай пляцоўкі» і запэўніла, што беларускі бок «будзе і далей прымаць усе меры для забеспячэння бяспекі і бесперашкоднай працы Трохбаковай кантактнай групы і неадкладна спыняць усе спробы перашкодзіць яе працы».

«Другая Россия» –  не зарэгістраваная расейская нацыяналістычная палітычная партыя,  якая заснавана 10 ліпеня 2010 года членамі забароненай Нацыянал-бальшавіцкай партыі на зʼездзе ў Маскве. 21 студзеня 2011 года партыі было адмоўлена ў афіцыйнай рэгістрацыі.

З пачатку Евромайдану ў Кіеве ў 2013 годзе партыя «Другая Россия» падтрымала прыхільнікаў Антымайдану, а пасля – праціўнікаў новай украінскай улады ў канфлікце на ўсходзе Украіны. Актывістамі «Другой России» быў створаны дабраахвотніцкі рух «Интербригады», праз які было перапраўлена з Расеі і іншых краінаў на Данбас каля 2 тысячаў добраахвотнікаў для падтрымання у ваенным канфлікце ДНР і ЛНР.

На сайце rusplt.ru у раздзеле «Пра праект» паведамляецца, што «Русская планета» не мае дачынення да якіх-небудзь палітычных партыяў і рухаў.

ВД, паводле mfa.gov.by, belapan.by

Глядзі таксама
Каментары