Актывісту Юрыю Рубцову адмовілі ў палітычным прытулку ў Нямеччыне


Пра адмову нямецкіх уладаў даць гамельчуку палітычны прытулак ён напісаў у Facebook’у.

У каментарах актывіст піша, што «хіба паедзе да дому».

«Белсату» Юрый распавёў, што прычыны, па якіх прынята адмоўнае рашэнне, у лісце не пазначаныя.

«Мне прапаноўваюць тут падаць у суд з абскарджаннем гэтага рашэння. Я лічу гэта будзе амаральны ўчынак з майго боку, а таму я не магу прыняць такое рашэнне. Я працаваў не ў Нямеччыне ўсё жыццё, а ў Беларусі. А таму і не маё маральнае права асуджаць рашэнне нямецкага боку. У той жа час дадзенае рашэнне нямецкага боку я магу патлумачыць толькі тым, што тут зусім іншая логіка мыслення, і тут у Нямеччыне не могуць усвядоміць, і перш за ўсё чыноўнікі, што ў Беларусі жывуць па зусім іншым законам, якія не адпавядаюць маральным вартасцям», – сказаў ён.

Былы палітзняволены напачатку 2016 года папрасіў прытулак у Нямеччыне і ад таго часу чакаў пастановы.

У чым «вінаваты» Рубцоў

Пераслед актывіста распачаўся яшчэ ў 2013 годзе. Руцбоў пратэставаў у Гомлі супраць увядзення кантрактнай сістэмы. Яго некалькі разоў саджалі ў ізалятар паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў. Актывіст абвяшчаў галадоўкі і абскарджваў судовыя рашэнні.

Юрыя Рубцова затрымалі пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях-2014» у Менску 26 красавіка за тышортку з надпісам «Лукашенкоуходи!». Юрый назваў адміністрацыйны працэс над ім «судзілішчам», а суддзяў, які выносяць незаконныя судовыя рашэнні, «падонкамі». За гэта яго асудзілі па крымінальнай справе на 1 год і 6 месяцаў («Абраза суддзі або народнага засядацеля»).

Падчас адбыцця пакарання на г.зв «хіміі» адмовіўся працаваць з-за нізкага заробку і запатрабаваў, каб яму плацілі сярэдні заробак па краіне (не меншы за $ 500 – менавіта столькі, паводле дзяржаўных медыяў, складаў сярэдні заробак па Беларусі на той момант). Адмова стала нагодай для ўзбуджэння ў дачыненні да палітвязня новай крымінальнай справы (ухіленне ад адбыцця пакарання»), згодна з якой у траўні 2015-га Юрыя Рубцова асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі. У жніўні 2015-га яго памілаваў Лукашэнка.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў