Актывістку будуць судзіць за плакат «Беларуская армія – серыйны забойца»


На актывістку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алену Луцковіч, якая 21 кастрычніка выйшла на Марш абураных беларусаў 2.0 з плакатам «Беларуская армія – серыйны забойца», склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі (23.34 КаАП).

Пратакол быў складзены 9 лістапада ўчастковым інспектарам Акцябрскага РАУС Гомельскай вобласці Дзмітрыям Крумгольцам.

«Алена Луцковіч… трымала плакат з надпісам «Беларуская армія – серыйны забойца», такім чынам выказваючы свае грамадска-палітычныя погляды», – адзначаецца ў пратаколе.

Як паведаміла Алена Луцковіч belsat.eu, над адміністратыўнай справай спачатку працавалі ў Менску, пасля матэрыалы перанакіравалі ў Гомель і толькі потым у райцэнтр Акцябрскі. Дата суду пакуль невядомая.

Паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП Луцковіч пагражае штраф у памеры да 30 базавых велічынь або адміністратыўны арышт.

Нагадаем, 21 кастрычніка ў Менску адбыўся Марш абураных беларусаў 2.0, у якім прынялі ўдзел каля 200 чалавек. Ініцыятарам маршу выступіў Мікалай Статкевіч.

Падчас стрыму «Белсата» з акцыі 21 кастрычніка, Алена Луцковіч распавяла, што вельмі заклапочана сітуацыяй з дзедаўшчынай у беларускім войску і не дапусціць, каб яе сын, якому цяпер 16 гадоў, праходзіў тэрміновую службу.

ІІ, belsat.eu

 

 

 

 

Стужка навінаў