Актывісткі руху «Маці-328» абяцаюць абвесціць галадоўку




&feature=youtu.be

Прадстаўніцы руху «Маці-328», які аб’ядноўвае сваякоў тых, хто трапіў за краты паводле арт. 328 Крымінальнага кодэксу (незаконны абарот наркотыкаў), заяўляюць, што ў красавіку яны распачнуць бестэрміновую галадоўку на знак пратэсту.

«Нашыя дзеці апынуліся ў турме не таму, што яны распаўсюджвалі наркотыкі. Некаторыя з нашых дзяцей апынуліся там, таму што ўжывалі наркотыкі – так, гэта хвароба, яе трэба лячыць. Мы гэтага не адмаўляем. Мы супраць наркотыкаў. Але нашыя дзеці не зʼяўляюцца распаўсюднікамі», – кажа актывістка руху Таццяна Канеўская.
Актывісткі патрабуюць перагляду справаў і зменаў у заканадаўстве.
«Вы нічога не робіце, каб гэта спыніць. Вы пасадзілі 14-гадовых дзяцей на 14 гадоў. Ім па 14 гадоў – якія ж яны наркадылеры? У красавіку мы абʼяўляем бестэрміновую галадоўку, якая будзе праходзіць па ўсёй Беларусі. Дату я не буду казаць, каб праваахоўныя органы не былі гатовыя да галадоўкі», – адзначае яна.

Таццяна Канеўская таксама патрабуе сустрэчы з Лукашэнкам.

Зварот быў запісаны 25 сакавіка падчас святкавання Дня волі.

Нагадаем, у снежні 2014 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў так званы «антынаркатычны дэкрэт», які прадугледжвае больш жорсткае пакаранне за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі. У наступныя гады колькасць асуджаных паводле артыкулу 328 КК РБ стала імкліва расці. Сваякі асуджаных і эксперты лічаць, што адбываецца паказальная барацьба з наркотыкамі, але пад ударам апынуліся не наркагандляры, а пераважна тыя, хто ўжываў лёгкія наркотыкі ў дробных памерах.

ІІ, belsat.eu
Стужка навінаў