Актывіста Вінярскага пасля выхаду з Акрэсціна завезлі ў міліцыю на прафілактычную гутарку


Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, які сёння ў 8 раніцы павінен быў выйсці на волю з Акрэсціна пасля арышту, быў вывезены на прафілактычную гутарку ў міліцэйскі пастарунак. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Ягоныя паплечнікі так і не дачакаліся актывіста пад сценамі ЦІП. Як паведамляе праваабаронцам Леанід Кулакоў, праз некаторы час сябры запыталіся ў дзяжурнага «Дзе падзеўся Вінярскі?».

«Не перажывайце, павінен выйсці», – пачулі яны ў адказ.

І толькі ў 10 гадзін раніцы ім паведамілі, што Вінярскі ўжо даўно выбыў з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў.

Аднак дома ён так і не з’явіўся. Ягоная маці на тэлефанаванне адказала, што Максіма дома няма і моцна расхвалявалася.

Як высветлілася пазней, Максіма Вінярскага таемна адвезлі ў РУУС Маскоўскага раёна, дзе спрабавалі правесці прафілактычную гутарку, але актывіст адмовіўся. Там яго пратрымалі каля двух гадзін.

Вінярскі адбываў 10 соднў арышту за перапост артыкулу, які суд палічыў заклікам да несанкцыянаванай акцыі пратэсту.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў