Актывіста аштрафавалі за тое, што не прыйшоў у КДБ на «прафілактычную размову». І потым зноў выклікалі ў КДБ


У панядзелак, 26 сакавіка, актывіста з Баранавічаў Іллю Сянько суд прызнаў вінаватым паводле арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы) за тое, што ён не з’явіўся на «прафілактычную размову» у КДБ, і асудзіў да штрафу ў 20 базавых велічынь (490 рублёў). Але чэкісты не пакінулі ідэю паразмаўляць з актывістам.

На наступны дзень пасля суду супрацоўнік КДБ Мікалай Безік ужо тэлефанаваў актывісту, турбаваў таксама і яго маці. А сёння, 28 сакавіка, дзіўным чынам з’явіўся ў той самы час і ў тым самым месцы, дзе Ілля Сянько сустракаўся з сябрам.

Паводле Сянько, сёння ён дамовіўся з сябрам і дамовіўся на сустрэчу каля гандлёвага цэнтру. Праз пару хвілін пасля сустрэчы, да хлопцаў падышоў супрацоўнік КДБ Мікалай Безік і ўручыў хлопцу павестку пад подпіс.

Нагадаем, больш за месяц таму валанцёрамі культурна-асветніцкай установы «Крытычнае мысленне» сталі цікавіцца супрацоўнікі КДБ. На размову па тэлефоне спрабавалі выклікаць Іллю Сянько, які ў кастрычніку 2017 года быў затрыманы з расейскім філосафам і гісторыкам Пятром Рабавым і асуджаны па арт. 17.10 КоАП («публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі») да штрафу з канфіскацыяй жорскага дыску камп’ютара. Аднак хлопец прапанаваў супрацоўніку даслаць яму позву і адмовіўся без яе прыходзіць. Тады на размову выклікалі яго маці, якую супрацоўнік Баранавіцкага міжраённага аддзела КДБ па Берасцейскай вобласці Мікалай Безік прымусіў падпісаць позву за сына, паведамляе spring96.org.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў