Актывіст з Кобрыні адмовіўся ад сваіх прэзідэнцкіх амбіцыяў на карысць Статкевіча


Алесь Мех пастанавіў падтрымаць ініцыятыву Уладзіміра Някляева аб вылучэнні адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў Мікалая Статкевіча і зняць сваю кандыдатуру. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

«Сваю кампанію мы пачалі нашмат раней і адказалі на ўсе пытанні. Калі народ пытаецца: «А хто іншы акрамя Лукашэнкі?» – «Аляксандр Мех». «Хто ён такі?» – мы далі біяграфію. «Чаго ад яго можна чакаць і што ён прапануе?» – мы адзіныя на сённяшні момант, у каго ёсць прэзідэнцкая праграма. І тут узнікае іншае пытанне: як зрабіць, каб гэтая праграма магла пайсці ў жыццё. Трэба, каб былі сумленныя і справядлівыя выбары. На сённяшні момант адбываюцца фэйкавыя выбары. І ўдзельнічаць у гэтым фэйку не трэба», – распавёў Мех у каментары «НН».

Адметна, што яшчэ раніцай ён быў гатовы ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.

Паводле Меха, намесніка кіраўніка руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі», які стварае Уладзімір Някляеў, галоўнае цяпер – змена выбарчага заканадаўства і вызваленне палітвязняў. Таму ён вырашыў падтрымаць ініцыятыву Някляева, які 29 чэрвеня заклікаў усіх патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкі пост зняцца з выбараў яшчэ да пачатку рэгістрацыі ініцыятыўных груп.

«Гэтую ініцыятыву неабходна пашыраць. Трэба заклікаць народ наагул не ўдзельнічаць у гэтых выбарах, а тым, каго прымусяць прыйсці на выбары, – прапанаваць выкрэсліваць усіх кандыдатаў, імёны якіх будуць у бюлетэнях», – лічыць Алесь Мех.

Пакуль ад удзелу ў перадвыбарчай гонцы разам з Алесем Мехам адмовіліся Вольга Карач і Алёна Анісім. 

Пра свае выбарчыя амбіцыі заявілі Таццяна Караткевіч, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Юрый Шульман, Сяргей Гайдукевіч.

Прэзідэнцкія выбары адбудуцца 11 кастрычніка. Сёння пачалася рэгістрацыя ініцыятыўных груп. Паводле вынікаў апытання Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, што знаходзіцца ў Літве, 71.1% апытаных выказалі гатовасць галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах 2015 году. Пры гэтым большасць рэспандэнтаў аддаюць перавагу Аляксандру Лукашэнку.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў