Актывіст з Гомля Кастусь Жукоўскі галадае ўжо чацвёрты дзень


Паводле праваабаронцы Леаніда Судаленкі такі знак пратэсту на ягонае затрыманне 20 лютага ні да чаго не прывядзе.

«Усім усё роўна. Галадае сёння Кастусь ці не – гэта заўважаць толькі ён, ягоная дачка і жонка. Толькі блізкія заўважаць, бо будуць клапаціцца пра стан ягонага здароўя».

Гомельскі актывіст знік 19 лютага. Толькі на наступны дзень стала вядома, што суд Цэнтральнага раёну Гомля прысудзіў яму 10 содняў арышту за нібыта «брудную лаянку ў аблвыканкаме», куды беларускі патрыёт пайшоў са скаргай на забудоўніка, які ўзводзіць шматпавярховік ля ягонага прыватнага дому.

На ўваходзе ў будынак узнікла спрэчка з ахоўнікам, і той выклікаў міліцыю. Апошнія даставілі актывіста ў суд, які праходзіў у закрытым рэжыме. Сведкамі выступалі ахоўнік, гардэробшчыца і два міліцыянеры.

Канфлікт паміж актывістам і забудоўнікам цягнецца ўжо шэсць гадоў. Дом Жукоўскага мусілі знесці, а яму вылучыць іншае жытло. Але дом не зносяць, жытла не вылучаюць, а на падворак кідаюць смецце з будоўлі.

Стужка навінаў