Акцызы на тытунь і паліва для аўтаў рэзка вырастуць


На 50 % вырастуць стаўкі акцызаў на аўтамабільнае паліва, на цыгарэты – ад трынаццаці, да 37 %. Калі кіраўнік Беларусі сёлета ўпершыню папярэджваў пра хуткае падвышэнне акцызаў, то абяцаў, што грошы, якія дзяржава заробіць на падаражэнні тытуню пойдуць на развіццё спорту і ахову здароўя. Рэшту ж тавараў кранаць забараніў.

«Упадзе попыт, упадзе тавараабарот, што ўжо адбываецца. І якія мільярды мы атрымаем у бюджэт? Якія мільярды мы ашчадзім? Проста пакрыўдзім людзей, плюнем ім у душу і яны ад нас проста адвярнуцца, як ад улады. Навошта гэта трэба?», – даводзіць Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Канцэрн Белнафтахім заявіў, што новыя акцызы на паліва не закрануць аўтааматараў, бо кошты на паліва падымаць не будуць. Якім чынам яны застануцца нязменныя?

«Хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра тое, што не будуць выконвацца ў поўным абʼёме тыя праграмы мадэрнізацыі, якія зараз існуюць на абодвух НПЗ і сродкі будуць накіроўвацца ў якасці акцызаў у бюджэт краіны», – зазначае Аляксандр Ярашук, старшыня кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Нягледзячы на моцныя словы найвышэйшага чыноўніка краіны, можна рыхтавацца да больш адчувальных падаражэнняў – кажа адмысловец, бо адкуль яшчэ ўзяць сродкі на напаўненне бюджэту?

«Гэтыя крыніцы будуць традыцыйныя. Хутчэй за ўсё мы сутыкнёмся з тым, што будуць няўхільна расці кошты на ўсе тавары, што існуюць. Хутчэй за ўсё размова ідзе пра тое, што беларусу трэба рыхтавацца да таго, што трэба ўсё мацней зацягваць свае паясы», – дадае Аляксандр Ярашук.

Так толькі сёлета ўжо ўведзены падатак на доўгатэрміновыя банкаўскія дэпазіты, «ад балды», як выказаўся кіраўнік Беларусі павысілі тарыфы ЖКГ, заплоцяць падаткі першыя дармаеды, ды іншыя, менш маштабныя захады.

Белсат запытаўся ў жыхароў Магілёву – на што яшчэ варта ўвесці падатак, дзеля падтрымання айчыннай эканомікі?

«Падатак на пешаходаў, на раварыстаў, падатак на… студэнтаў можна ўвесці, а то зашмат», – жартуе малады хлопец.«На паветра трэба ўвесці, а як – мы ж яшчэ і дыхаем бясплатна», – прапануе мінак.

«На паветра, на сонейка. Ну і ўвогуле – на кароткія спадніцы – карацейшыя за 15 сантыметраў», – жартаўліва падсумоўваюць мужчыны.

Магчыма на такія экстрэмальныя захады, прынамсі пакуль, ісці не давядзецца – Беларусі не быў абяцаны крэдыт ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Да таго ж улады Беларусі яшчэ ў кастрычніку казалі пра прарыў у перамовах у справе крэдыту ад Міжнароднага валютнага фонду. Але пакуль абяцанні застаюцца абяцаннямі

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Стужка навінаў