Акцыю падтрымання Кадырава ў Дагестане заблакавала паліцыя


Паліцыя Дагестану не дала правесці ў рэспубліцы аўтапрабегу на падтрыманне кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава, прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і былога кіраўніка мясцовага аддзялення Пенсійнага фонду Сагіда Муртазаліева.

Аўтапрабег меў адбыцца 24 студзеня. Удзельнікі планавалі ехаць з Кізляру ў Дзербент; па дарозе да іх мелася далучыцца аўтакалона з Махачкалы, паведамляе дагестанскае выданне «Черновик».

Аднак сфармаваныя для аўтапрабегу калоны былі блакаваныя на выездзе з Кізляру і недалёка ад месца збору ў Махачкале. Паводле відавочцаў, працаўнікі паліцыі зрывалі плакаты, на якіх былі намаляваныя Пуцін, Кадыраў і Муртазаліеў.

На заклік правесці аўтапрабег, як кажуць назіральнікі, адгукнулася мноства людзей, па некаторых звестках, агульная колькасць прыгнаных машын, гатовых праехацца па Дагестане, складала больш за тысячу штук.

Аўтапрабег у Дагестане меў стаць працягам мітынгу, які прайшоў 22 студзеня ў Грозным. Удзельнікі мітынгу (паводле ацэнак МУС Чачэніі – каля мільёна чалавек, пры насельніцтве рэспублікі 1,3 млн) выказвалі падтрыманне прэзідэнту Чачэніі Рамзану Кадыраву і кіраўніку Расеі Уладзіміру Пуціну.

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў