Акцыя супраць сексізму ў рэкламе адбылася ў «Сталіцы» 8 сакавіка


Феміністкі выступілі з плакатамі у гандлёвым цэнтры «Сталіца», дзе Mark Formelle зладзілі фотасесію з хлопцамі з рэкламы ніжняй бялізны.

Некалькі дзяўчат сталі з плакатамі «Не сэксістскай рэкламе» і «Прэч сексізм і аб’ектывацыю з рэкламы» побач са стэндам Mark Formelle cёння ў гандлёвым цэнтры «Сталіца». Яны пратэставалі супраць выкарыстання вобразу жанчыны як сексуальнага аб’екта ў рэкламных відэа брэнда.

У гэты час, хлопцы з аголенымi торсамi з рэкламнага роліка Mark Formelle фатаграфаваліся з наведвальніцамі гандлёвага цэнтру. На думку аднаго з мадэляў Юрыя Пархімчыка, акцыя феміністак у «Сталіцы» – з’ява абсалютна нармальная.

«Любая падзея мае два бакі: ёсць тыя, каму ўсё падабаецца і тыя, каму не. Сёння было больш тых, каму ўсё падабалася».

Юрый паведаміў, што феміністак на акцыі прысутнічала 5–7 чалавек.

«Слабыя ёсць як сярод мужчын, так і сярод жанчын. Кожны чалавек мае адказваць за сваё жыццё, і калі гэта так, то гэта – моцны чалавек», – адказаў Юрый на пытанне ці лічыць ён жанчын слабым полам.

Сёння ў Кіеве ўдзельніц феміністычнага маршу аблілі зялёнкаю, а ў Маскве феміністак затрымалі, пасля таго як яны вывесілі на будынку Крамля свой банер.

Дарэчы, у гэтыя дні ў Францыі адбываецца кампанія супраць дыскрымінацыі жанчын у рэкламных плакатах вядомага брэнда Yves Saint Laurent. Паводле LeMonde, 10 сакавіка ў Парыжы адбудзецца суд, які разгледзіць два фотаздымкі жанчын, якія вызвалі абурэнне ў парыжанак.

ВЧ

Стужка навінаў