Акцыі абураных беларусаў у Бабруйску, Баранавічах, Берасці ды Віцебску. Онлайн


Сустрэчы тых, каго закрануў «дармаедскі дэкрэт» прайшлі 26 лютага ў Бабруйску, Баранавічах, Берасці ды Віцебску.

Наўпроставая трансляцыя з Віцебску

13:50 Сустрэчы «дармаедаў» у Берасці, Баранавічах і Бабруйску скончыліся.

13:48 Акцыя ў Віцебску скончылася на прыступках гарадской філармоніі.

13:01 Не менш за 1000 асобаў на акцыі пратэсту ў Віцебску.

Пратэст у Бабруйску

12:52 У Бабруйску колькасць пратэстоўцаў вырасла да 600 асобаў. Міліцыі не бачна.

12:48 Віцебскія ДАІшнікі спынілі аўтамабільны рух, каб удзельнікі акцыі змаглі прайсці праз дарогу.

Абураны пенсіянер з Віцебску падчас акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 прапануе кіраўніку Беларусі «па-харошаму» сысці ў адстаўку.

Пратэст у Баранавічах

12:24 Адзін з арганізатараў пратэсту ў Віцебску быў затрыманы. На акцыю прыйшло 500-600 асобаў.

12:15 У Бабруйску сабралася каля 200 асобаў.

12:00 На акцыю ў Баранавічах і Берасці прыйшло па 200-300 асобаў.


 

Бабруйск, плошча Леніна, 12:00

Арганізатары паведамляюць, што акцыя будзе мець выключна мірны характар:

«Мы далучаемся да агульнанацыянальнай кампаніі супраць неканстытуцыйнага дэкрэту № 3. Збіраемся […], каб аб’яднацца і мірна выказаць уладам свой пратэст».

Баранавічы, плошча Леніна, 12:00

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі Паводле спадара Лябедзькі, «калі  ў нядзелю сотні людзей выйдуць на вуліцу ў Баранавічах, значыць, улада можа выкінуць складзеныя раней адміністрацыйныя пратаколы ў сметніцу».

Берасце, плошча Леніна, 12:00

Людзі ладзяць акцыю праз сацыяльныя сеткі, збіраюцца а 12 гадзіне каля Берасцейскага аблвыканкаму.

Фота b-g.by

Віцебск, плошча Перамогі, 12:00

У гэты ж час на плошчы Перамогі мясцовыя ўлады арганізавалі святкаванне Масленіцы.

«Людзі могуць жыць без паліклінікаў ды школаў, але калі ўлада нахабна лезе ў іхныя кішэні і прыніжаюць іхную годнасць… Тут ужо людзі пачынаюць прачынацца», – каментуе віцебская актывістка Таццяна Севярынец.

На мінулых выходных пратэсты супраць падатку «на дармаедства» прайшлі ў Менску, Гомлі, Берасці, Віцебску, Горадні без папярэдняга ўзгаднення з уладамі і амаль і без інцыдэнтаў.

17 лютага ў Менску адбылося найбуйнейшае з часоў Плошчы-2010 шэсце. Удзел у ёй узялі, па інфармацыі з розных крыніцаў, каля трох тысяч чалавек. Зладзілі акцыю Мікола Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Павел Севярынец і лідары анархічнага руху Беларусі.

Глядзіце запіс трансляцыі з менскай дэманстрацыі

19 лютага каля 3000-4000 чалавек прайшлі маршам па Гомлю, скандуючы лозунгі за адмену дэкрэту «дармаедскага дэкрэту». Глядзіце фотарэпартаж.

Запіс онлайну з Гомля

Па некалькі соцень удзельнікаў сабралі акцыі 19 лютага ў Віцебску, Горадні і Берасці.

XX, ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў