Актор Купалаўскага стварыў інтэрактыўны тэатр, які другі год ставіць дзіцячыя спектаклі


Актор Павел Харланчук і маленькія гледачы

Актор Купалаўскага тэатру, бацька пяцёх дзяцей Павел Харланчук, рыхтуе сабе годную замену.

Ужо другі год яны разам з жонкай Ганнай ладзяць інтэрактыўныя спектаклі, на якіх нават самыя маленькія гледачы пераўтвараюцца ў актыўных удзельнікаў тэатральнага працэсу.

Для гэтага Павел і Ганна стварылі інтэрактыўны тэатр «Горад Сяброў». Хутка тэатр прадставіць дзіцячы спектакль «Ты ж мая Жабуся

Каб даведацца, што новага на гэты раз падрыхтавалі акторы Ганна і Павел Харланчукі разам з мастачкай Вольгай Коневай, мы наведалі рэпетыцыю спектаклю.

«Горад Сяброў» «будуецца» ужо другі год, і праца не спыняецца ні на дзень. Пачалося ўсё з таго, што мы зрабілі сцэнар для святкавання дня народзінаў аднаго з нашых дзяцей, запрасілі ў дворык шмат сяброў і знаёмых. У часе падрыхтоўкі зразумелі, што сцэнар самадастатковы і прыдатны, каб паставіць па ім асобны спектакль», – распавядае Ганна Харланчук.

Калі акторы рыхтавалі спектакль, даведаліся і пра іншыя інтэрактыўныя тэатры, у тым ліку і пра беларускамоўныя. Але свой тэатр яны лічаць унікальным.

«Унікальнасць «Гораду Сяброў» – у прафесійным акторскім складзе ды ў драматычнай спецыфіцы сцэнароў. Што да інтэрактыўнасці – то большасць нашых спектакляў не мае адасобленай сцэны, дзеянне адбываецца наўпрост побач з маленькімі гледачамі, а таксама ў сцэнар уводзяцца розныя актыўнасці. Дзеці адказваюць на пытанні, танчаць ці спяваюць, ствараюць разам з акторамі нейкія падзелкі«, – працягвае Ганна Харланчук.

У сваю чаргу мастачка Вольга Конева кажа, што для яе тэатр стаў сурʼёзнай творчай пляцоўкай:

«Калі рабілі наш першы спектакль »Ёсць ідэя«, намагаліся зрабіць дэкарацыі як мага простымі, каб дзеці самі нешта малявалі. Але з часам усё перарасло ў больш складаныя, абʼёмныя і цяжкія інсталяцыі. Тэатр не мае ўласнага памяшкання і сталай пляцоўкі, таму зараз працуем над тым, каб нашыя дэкарацыі былі больш кампактнымі і мабільнымі».

Паводле мастачкі, дэкарацыі на спектаклях тэатру маюць быць яскравымі і якаснымі, з прапрацаванымі дэталямі, бо «знаходзяцца побач з гледачамі, а не на значнай адлегласці, як у звычайным тэатры».

На здымку злева направа: Павел і Ганна Харланчук, Вольга Конева

Увогуле «Горад Сяброў» задумваўся як тэатр дарослых прафесійных актораў для дзяцей. Цяпер жа да пастановак прыцягваюць і саміх дзяцей, кажа Ганна Харланчук:

«Дзеці – нашая будучыня, яны падхопяць эстафету і, магчыма, зробяць наш тэатр больш паспяховым і вядомым. У новым спектаклі «Ты ж мая Жабуся!» мы вырашылі зрабіць жывы гук, дзеці агучваюць самі наш спектакль музычна – у кустах стаіць раяль. Толькі Паўлу гэтага было недастаткова, і ён іх (дзяцей) па-акторску вывеў, каб яны яшчэ ўдзельнічалі як хор жабянятаў».

Спектакль «Ты ж мая Жабуся» прызначаны для дзетак ад 3-х да 10 год, але будзе вельмі цікавы і дарослым.

Аднойчы ў сяброўстве Жабяня і Жабусі сонейка радасці схавалася за хмары крыўды. Больш яны не лічаць разам зоркі, не скочаць па лужынах, не ловяць разам камароў і не гатуюць разам на зіму камарынае сочыва. Балота і чарот раздзеленыя папалам.

Ці змогуць сябры справіцца адзін без аднаго? Без неверагодных штодзённых прыгодаў? Без промняў усмешак, якімі саграваліся ў пахмурныя дні?

Спектакль будзе паказаны 26 снежня, аб 11.30 у клубе «Бругге» (пр. Партызанскi, 6a).

 Чытайце таксама >>> «З імі даўно такога не здаралася». Тэатр Горкага пазнаёміў расейцаў з Радзівіламі

Аляксандр Любянчук, belsat.eu

Стужка навінаў