Акцыю «Арт Сядзібы» «#беларускаястужка – пазнач сябе беларусам!» падхапіў праўладны БРСМ


Правапераемнікі Камсамолу прапануюць сфатаграфавацца са стужкай з арнаментам або з чырвона-зялёнай стужкай і выкласці фота ў інтэрнэт пад хэштэгамі #вышыванка #выбары2015.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Яшчэ ў снежні 2014 года за раздачу стужак з арнаментам каля Камароўкі ў Менску затрымалі дырэктара «Арт Сядзiбы» Паўла Белавуса, а таксама Франака Вячорку і фотакарэспандэнта Уладзя Грыдзіна. А сёння такімі стужкамі сябе ўпрыгожваюць нават праўладныя актывісты.

Belsat.eu паразмаўляў з ініцыятарам акцыі «#беларускаястужка» каардынатарам «Арт Сядзiбы» Мікітам Броўкам.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

– Колькі метраў стужкі раздалі падчас акцыі (за ўсе 8 месяцаў)?

– За ўвесь час мы раздалі каля 10 кіламетраў стужкі. Апроч гэтага, шмат людзей і арганізацыяў самі куплялі стужку ў крамах і распаўсюджвалі яе, таму сапраўдныя маштабы ацаніць цяжка.

– Як ставіцеся да таго, што БРСМ падхапіў акцыю Арт Сядзібы і выкарыстоўвае яе для агітацыі за ўдзел у выбарах?

– Мы радыя таму, што нашу акцыю падхопліваюць усё больш і больш арганізацыяў. Калі БРСМ падтрымлівае нашу ідэю, то гэтаму можна толькі радавацца. Што наконт агітацыі да ўдзелу ў выбарах – асабіста я супраць таго, каб беларуская стужка асацыявалася з кандыдатамі на пасаду прэзідэнта і выбарамі ў Беларусі ўвогуле. Бо, на жаль, ужо шмат год выбары ў Беларусі праходзяць са шматлікімі парушэннямі ды іх нельга назваць свабоднымі і дэмакратычнымі.

– Ці плануеш працягваць акцыю?

– Акцыя працягваецца і цяпер. Цяпер мы распаўсюджваем стужку ў «Арт Сядзібе», а таксама раздаем яе на розных імпрэзах, дзе мы выступаем у якасці партнёраў. Зрабіць масавую раздачу мы пакуль не можам – не стае сродкаў. Але планы ў нас вялікія. Мы хочам прыцягнуць да акцыі камерцыйныя кампаніі і запусціць акцыю ў больш маштабным фармаце.

МС, belsat.eu

Стужка навінаў