«Айфонаў не знаходзілі, але аднойчы прывезлі труп». Рэпартаж з заводу па перапрацоўцы смецця


Сартыроўшчыкі стаяць уздоўж стужцы са смеццем. Кожны адбірае «сваю» катэгорыю адкідаў

За дзень у Магілёве збіраюць каля 150 тонаў цвёрдага смецця (у святы і выходныя болей: рэкорд – 360 тонаў за дзень). 20 % гэтых адкідаў ідзе на перапрацоўку. Журналістка «Белсату» наведала Магілёўскі смеццеперапрацоўчы завод і паглядзела, што там адбываецца з пакетамі, бутэлькамі і мабільнымі тэлефонамі. «Смярдзіць толькі першыя пяць хвілінаў», – піша Вольга Васільева.

На заводзе з цвёрдых адкідаў аддзяляюць шкло, паперу, метал, пластык і ўпакоўкі тыпу «тэтра пак», а астатняе смецце вязуць хаваць на палігон.

«Хацелася б, каб закопвалі менш смецця – вялікія аб’ёмы дрэнна адсартаванага смецця адмоўна ўплываюць на экалогію і забруджваюць нашую зямлю. Каб палепшыць экалагічную сітуацыю, грамадзяне павінныя навучыцца самастойна сартаваць смецце. Гэта дапаможа нам пры перапрацоўцы смецця і дакладна павялічыць працэнт атрыманых другасных рэсурсаў», – кажа старэйшы майстар Аляксей Ігнаценка.

Раней у зямлю клалі 100 % сабранага смецця, а на палігоне працавалі «чорнакапацелі», якія адбіралі са смецця каштоўную сыравіну, каб яе здаць. Цяпер яны зніклі: усё каштоўнае адбіраюць на заводзе.

Адсартаваныя пластыкавыя бутэлькі гатовыя да другаснай перапрацоўкі

На заводзе перапрацоўваюць камунальныя адкіды толькі з дваравых і вулічных сметніцаў. Медычныя або іншыя спецыялізаваныя адкіды, напрыклад, з мясакамбінату, сюды не ідуць. Пад замову прадпрыемства можа адабраць любую неабходную сыравіну.

У смецці бываюць розныя знаходкі. Працаўнікі заводу кажуць, што мабільныя тэлефоны лепей за ўсё выкідваць у адмысловыя кантэйнеры, якія стаяць у офісах мабільных аператараў

Цыкл перапрацоўкі аўтаматызаваны напалову – месца ручной працы ўсцяж застаецца.

Кожны грузавік са смеццем спачатку адпраўляюць на вагі, потым – на датчык радыяцыі. Калі груз чысты, машына едзе выгружацца.

Першы этап перапрацоўкі – пагрузка смецця

Адмысловыя пагрузчыкі дастаўляюць смецце ў нямецкі апарат, які разрывае пакеты – тыя самыя, што мы збіраем у сябе дома. Тут жа стаяць людзі, якія адбіраюць буйнагабарытныя прадметы. Далей смецце ідзе па стужцы ў сепаратар, які аддзяляе мелкую фракцыю: зямля прасыпаецца ўніз, а ўсё астатняе смецце ідзе далей уверх.

Працуе нямецкі апарат па разрыванню пакетаў са смеццем. Побач з ім спецыяліст праводзіць ручны адбор крупнагабарытных прадметаў

Наступны этап – ручное сартаванне. Сюды смецце трапляе па стужцы, уздоўж якой стаяць спецыялісты і кожны з іх выбірае сваю катэгорыю рэчаў: метал, зялёныя ці карычневыя пластыкавыя бутэлькі, поліэтылен і іншае.

«Айфонаў не знаходзілі, але недарагія мабільныя тэлефоны сустракаюцца часта. Два гады таму разам са смеццем прыехаў труп немаўля, і гэта не адзіны такі выпадак. У такім разе праца спыняецца і прыязджае міліцыя, пачынаецца разбіральніцтва», – кажа старэйшы майстар Аляксей Ігнаценка.

Працаўнікі на сартаванні знаходзяць золата і іншыя каштоўныя рэчы. Але хто ў гэтым прызнаецца? Што знайшоў – тое тваё, толькі нікому не кажы. Месцы на сартаванні ніколі не пустуюць. Раней тут адбою не было ад цыган, цяпер сюды ідуць працаваць жыхары мясцовых вёсак – Вейна і Навасёлак.

Мыецца поліэтылен

Заробкі ў мясцовых спецыялістаў неблагія па магілёўскім меркам – Br 550 пры сталай працы. А даплату за «стаж» тут атрымліваюць вельмі хутка – ужо пасля паўгода працы. Працоўны графік: два праз два. У штаце шмат абавязаных асобаў.

У цэху сартавання смеццем смярдзіць толькі першыя 5 хвілін. Пасля да пахаў прызвычайваешся і забываешся на гэта. Падтрымліваць свежае паветра дапамагаюць кандыцыянеры.

Гранулят – атрыманая сыравіна пасля перапрацоўкі поліэтылену

Магілёўскі смеццеперапрацоўчы завод працуе на давальніцкай сыравіне, то бок усё смецце належыць «Спецаўтапрадпрыемству», якое прыводзіць яго і пасля забірае прадукты перапрацоўкі. Аднак завод вынайшаў іншы спосаб зарабіць: засвоіў больш глыбокую перапрацоўку. Цяпер тут працуе лінія поўнага цыклу (мыццё, драбленне, плаўленне і гэтак далей) па вытворчасці другаснага грануляту з поліэтылену. За тону сыравіны завод атрымлівае $ 1000.

Працаўнікі на лініі глыбокай перапрацоўкі

«Хтосьці пусціў чутку, што сартаваныя асобна шкло, паперу і пластык збірае адна машына. Гэта не праўда, кожную катэгорыю смецця забірае свая, адмысловая машына. Але людзі вераць у чуткі і таму нядбайна ставяцца да сартавання смецця. Сёння ва дварах і проста на вуліцах гораду стаяць асобныя сметніцы для розных відаў адходаў, можна сказаць, што створана ўсё, каб дапамагчы людзям збіраць адходы правільна, але ўсё роўна не ўсе гэта робяць, – кажа Аляксей Ігнаценка. – Трэба ўзмацніць інфармацыйную працу з насельніцтвам, але на жаль, мы гэтым не можам займацца. Я лічу, што лепш за ўсё тлумачыць сітуацыю дзецям у школе. Ім больш за ўсіх трэба захаваць нашу зямлю чыстай».

Вольга Васільева

Стужка навінаў