Ахвяры эскадрону смерці. Ці мы пра іх памятаем?


Пытанні, якія некалі штомесяц гучалі на вуліцах беларускіх гарадоў «Дзе Ганчар?», «Дзе Красоўскі?», цяпер задаюцца ўсё менш і менш. На сённяшнюю акцыю каля менскага ГУМа прыйшлі 5 чалавек.

Роўна 16 гадоў – без Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Між тым, пытанне, дзе яны, як і Юры Захаранка ды Дзмітры Завадскі, ад пачатку гучных знікненняў і да сёння ўсцяж застаецца без адказу. А таму будзе ўздымацца зноў ды зноў – як у час сённяшняга пікету Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў цэнтры Менску.

Ганчар уваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі яшчэ на першых прэзідэнцкіх выбарах, але неўзабаве перайшоў у апазіцыю. Ён знік у 1999 годзе разам з бізнесоўцам Анатолем Красоўскім вось тут на вуліцы Фабрычнай. Афіцыйных вынікаў следства ў справе Ганчара і Красоўскага няма дагэтуль.

Ёсць версія датычнасці дзейнага кіраўніка краіны і ягонага атачэння да знікнення палітыкаў і пазасудовых смяротных пакаранняў.

Ганчар лічыўся адным з самых яркіх палітыкаў 90-ых. Пасля сыходу з каманды Аляксандра Лукашэнкі ён быў прызначаны старшынём Цэнтральнай выбарчай камісіі. На гэтай пасадзе яго змяніла Лідзія Ярмошына, якая кіруе ЦВК да гэтага часу. Ускосных доказаў і фактаў у справе зніклых шмат. Вядома нават імавернае месца іхнага пахавання, гэта спецучастак Паўночных могілак у Менску.

Дэмакратычная супольнасць лічыць, што гэтых людзей знішчылі эскадроны смерці, у склад якіх уваходзілі тагачасныя працаўнікі беларускіх спецслужбаў. Выканаўцам выкраданняў і забойстваў шмат хто лічыць Дзмітрыя Паўлічэнку, былога камандзіра часткі 3214, спецназу МУС. 16 гадоў замоўчвання зрабілі сваю справу, пра зніклых цяпер памятаюць толькі ў агульных рысах.

Апроч Ганчара і Красоўскага, дагэтуль невядомы лёс экс-міністра Унутраных справаў Юрыя Захаранкі ды журналіста Дзмітрыя Завадскага.

АН, «Белсат»

Стужка навінаў