Ахвяра крызісу ці «развод» з боку партнёраў: кітаец змагаецца за свае грошы ў Беларусі


Грамадзянін Кітаю кажа, што паставіў беларускай фірме тавараў на $ 300 тыс., але грошай не дачакаўся.

Цяпер ён даўжнік і закладнік у замежнай краіне: у гаманцы засталася пара соцень долараў на аплату кватэры, а на радзіму вяртацца небяспечна. Грамадзянін Кітаю Чжан Тэн Ўэй, ці інакш містар Грын, ужо год спрабуе дабіцца ад беларускай фірмы грошай – больш за $ 300 тыс., за пастаўленыя тавары.

«Яны казалі, што бізнес раскручваецца, таму хочуць замовіць больш маіх тавараў. Я падумаў, і вырашыў даверыцца», – распавядае Чжан Тэн Ўэй.

Кампаніі «Маркетлі», што валодае крамаю «Шалі», Чжан пастаўляў прамысловыя тавары. Рабіў гэта без перадаплаты, бо паміж партнёрамі, маўляў, ужо ўсталяваліся даверлівыя стасункі.

«У Кітаі шмат хто з бізнесоўцаў працуе ў крэдыт, толькі на падставе даверу. І большасць маіх пастаўляльнікаў таксама даверыліся мне», – працягвае Чжан Тэн Ўэй.

Непаразуменні паміж бакамі пачаліся ўвосень 2014-га, калі замоўленыя ў Чжана кантэйнеры з навагоднімі таварамі затрымаліся на мытні. Кіраўніцтва «Маркетлі» цвердзіць, што праз гэта прапусцілі святочны сезон і зазналі страты. Грошы за тавар кітайскі партнёр усё ж мусіў атрымаць, але дамагчыся іх, паводле Чжана, аказалася справаю нялёгкаю.

«Я казаў: мы мусім сустрэцца, абмеркаваць развязанне гэтай праблемы. Яны кажуць, што не хочуць сустракацца. Заўсёды знаходзілі апраўданне: мы занятыя, мы ў вёсцы з бабуляю, мой сын хворы, я хворы, усе хворыя», – кажа кітайскі бізнесовец.

І ўсё ж такі дамову аб парадку выплатаў бакі падпісалі. У 2015-м фірма «Маркетлі» пачала вяртаць невялікія сумы, але асноўнай часткі грошай Чжан недачакаўся. Прадстаўнікі крамы ад абавязкаў не адмаўляюцца, але спасылаюцца на фінансавыя праблемы. Ды запэўніваюць, што грамадзянін Паднябеснай перабольшвае.

«Мы са спадаром Грыном у сталым кантакце. І ўсё, што ён кажа – напалову казка», – мяркуе прадстаўнік кампаніі «Маркетлі» Валер Літвінаў.

Больш разгорнута сваю пазіцыю аб справе Літвінаў патлумачыць адмовіўся. Але раней запэўніваў, што «Маркетлі» робіць усё для развязання праблемы.

Вось ягоныя словы з інтэрвʼю парталу TUT.BY:

«Для таго, каб хутчэй распрадаць тавар і вярнуць грошы, мы трымаем мінімальную нацэнку, увесь час ладзім распродажы. Акрамя ягонай запазычанасці ёсць яшчэ і нашыя асабістыя вялікія фінансавыя страты, якіх нам ніхто не верне, звязаныя з парушэннем кітайскім партнёрам сваіх абавязкаў што да тэрмінаў пастаўкі тавару».

Эксперты ў гэтым канфлікце не апошняю прычынаю бачаць і вонкавыя фактары – а менавіта эканамічны крызіс у Беларусі.

Такога меркавання прытрымліваецца юрыст Віталь Лебедзеў:

«Думаю, што гэта тэндэнцыя сённяшняга дня, калі ва ўсіх вялізныя даўгі, грошай для разлікаў не хапае і гэтак далей. Тое, што яны прызнаюць за сабой доўг і гатовыя плаціць, ужо вялікая справа, я лічу, гэта не зʼяўляецца наўпроставым «кідалавам».

Аднак для кітайскага грамадзяніна гэта невялікае суцяшэнне – без грошай вярнуцца ў Кітай ён не можа. Як сцвярджае, на радзіме за такія запазычанасці яго чакае крымінальная справа. Але і ў Беларусі без валодання моваю, без сувязяў і ўжо амаль без сродкаў для існавання дамагчыся свайго надзвычай складана.

Таццяна Рэут

Стужка навінаў