Ахвяра «Карфагену» вярнулася ў Чачэнію. Луіза адчувае сябе «шчаслівай, як ніколі»


Жыхар Чачэніі Муслім Дудуркаеў паведаміў kavkazr, што ягоная дачка Луіза Дудуркаева адчувае сябе «шчаслівай, як ніколі».

Нагадаем, што працаўнікі міліцыі затрымалі 22-гадовую чачэнку Луізу Дудуркаеву ў менскім аэрапорце.

Луіза збегла з Расеі пасля публікацыі ейнай фатаграфіі ў інтэрнэт-суполцы, удзельнікі якой пераследуюць чачэнак за нібыта амаральныя паводзіны.

Праваабаронцы дапамаглі дзяўчыне атрымаць прытулак і 31 жніўня ёй выдалі дакументы ўцекача і шэнгенскую візу.

Паводле Мусліма Дудуркаева, ён з жонкай вылецеў у Менск з Масквы, калі даведаўся, што Луіза прайшла рэгістрацыю і чакае вылету ў адну са скандынаўскіх краінаў.

У Менску бацькі Луізы завярнуліся да праваахоўнікаў, каб ім дазволілі паразмаўляць з дачкой у прысутнасці супрацоўнікаў КДБ Беларусі. Бацькоў папярэдзілі, што Луіза паўналетняя і ва ўладаў Беларусі няма да яе ніякіх прэтэнзіяў.

Дудуркаеў сказаў, што маці і Луіза сустрэліся ў пакоі дазнання. Праз некалькі хвілінаў дзяўчына заявіла працаўніку КДБ Беларусі, што адмяняе вылет і едзе дадому. Луізу папрасілі тое самае сказаць у прысутнасці адваката.

ЮВ, belsat.eu паводле Кавказ.Реалии

Стужка навінаў