АГП хоча прайсціся па Менску сацыяльным маршам. Шумчанка супраць «пасажыраў»


«Так брыдка і агідна на душы ў мяне не было ўжо даўно», – напісаў у «Фэйсбуку» лідар грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка пра намер АГП правесці сваю акцыю ў той самы час і тым самым маршрутам, якім мае прайсці марш прадпрымальнікаў.

Абʼяднаная грамадзянская партыя (АГП) падала ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне 14 сакавіка ў Менску «Сацыяльнага маршу за годнае жыццё».

Гэтая акцыя анансавалася падчас мітынгу індывідуальных прадпрымальнікаў, які прайшоў у цэнтры Менску 28 лютага.

Як паведаміў БелаПАН старшыня АГП Анатоль Лябедзька, час і месца збору, а таксама маршрут шэсця цалкам супадаюць з часам і месцам правядзення маршу прадпрымальнікаў, запланаванага на 14 сакавіка.

Заяўка на марш прадпрымальнікаў была пададзеная на мінулым тыдні экс-палітвязнем Мікалаем Статкевічам і лідарам РГА «Перспектыва» Анатолем Шумчанкам. У ёй пазначана, што шэсце плануецца правесці з 13:00 да 16:00 ад Акадэміі навук па вуліцах Сурганава і Арлоўскай да парку Дружбы Народаў.

Па словах Лябедзькі, розніца паміж двума заяўкамі толькі ў тым, што актывісты АГП пакуль не плануюць праводзіць мітынг на плошчы Бангалор. Правядзенне двух маршаў у адзін і той жа час палітык растлумачыў неабходнасцю кансалідацыі грамадства.

«Сёння ёсць усе падставы, каб абʼядноўваць намаганні. Не толькі індывідуальныя прадпрымальнікі, але і студэнты, і пенсіянеры сталі закладнікамі той эканамічнай палітыкі, якую праводзяць улады», – заявіў лідар АГП.

Шумчанка, са свайго боку, звярнуў увагу на тое, што з прапановай абʼяднаць дзве акцыі Лябедзька да яго і Статкевіча не звяртаўся.

«Мэта любой акцыі – гэта не прыгожыя лозунгі пра тое, што трэба быць разам. «Перспектыва» падняла хвалю, якая прывяла да абмеркавання нормаў указу № 222 аб прадпрымальніцкай дзейнасці, і «пасажыры» на акцыі нам не патрэбныя», – заявіў лідар руху прадпрымальнікаў.

У сваім «Фэйсбуку» Шумчанка адзначыў, што за Лябедзькам не пойдуць людзі. «Таму што ён нічога не зрабіў, каб арганізаваць людзей, акрамя сваіх пустых заклікаў. Народ не цацка, з якой можна пагуляць, калі табе захочацца, з ім трэба працаваць і ведаць іх запыты і адчуваць настрой!!! Так брыдка і агідна на душы ў мяне не было ўжо даўно», – напісаў Шумчанка.

Лебедько: "Акции ИП потихоньку начинают угасать...." Отвечу - угасают только у некоторых, потому что дело в не ИП, а...

Posted by Анатолий Шумченко on 29 Люты 2016

Дзеянні прадстаўнікоў АГП Шумчанка расцэньвае як спробу сарваць марш прадпрымальнікаў, бо з-за супадзення часу і месца двух мерапрыемстваў у Менгарвыканкаму фармальна зʼяўляецца магчымасць адмовіць заяўнікам аднаго з іх. Сітуацыю, якая склалася, Шумчанка мае намер абмеркаваць са Статкевічам.

Пасля падачы заяўкі на правядзенне 14 сакавіка маршу прадпрымальнікаў Шумчанка падкрэсліваў: мэта акцыі – не палітычная, а эканамічная. Акцыя закліканая звярнуць увагу кіраўніка дзяржавы на неабходнасць як мага хутчэй вырашыць праблемы ІП, якія з-за ўказу № 222 і шэрагу іншых законаў не могуць легальна весці свой бізнес.

МЯ, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары