АГП анансуе стварэнне новай палітычнай сілы


Была кааліцыя АДС… Была «Кааліцыя шасці», паседжанні якой не заўсёды сканчаліся на слоўных спрэчках… Быў і «Народны рэферэндум». Левыя гуртаваліся з правымі, а сацыял-дэмакраты з дэмакратамі хрысціянскімі. І здавалася, што ў беларуска палітыцы было… ўсё.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АГП:

«Ніколі такога не было ў нашай гісторыі. Кааліцыі былі розныя, пляцоўкі былі розныя, але паводле ідэалагічнага падыходу правацэнтрысты яшчэ ніколі не аб’ядноўвалі свае намаганні».

Абмеркаванне магчымага аб’яднання адбывалася на Экспертнай радзе пры АГП з удзелам экспертаў і прадстаўнікоў дыпламатычных місіяў шэрагу краінаў Еўразвязу, а таксама ЗША. Са словаў Лябедзькі, у фармаванне акрамя Аб’яднанай грамадзянскай партыі можа ўвайсці Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларускі народны фронт і Рух «За свабоду».

Другая – больш шырокая пляцоўка – будзе аб’ядноўваюць усіх прыхільнікаў пераменаў – і правых, і левых. Але не тых, хто возьме ўдзел у парламенцкіх выбарах паводле правілаў улады.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АГП:

«Калі мы ўваходзім у гэтую кампанію, то не трэба гуляць па правілах улады. Правілы ўлады – гэта вельмі вузкія калідоры. Ты прайшоў ціха, нягучна, дапамог уладзе зрабіць яўку, зрабіць выгляд, што ў нас штосьці падобнае на выбар – вось гэтага рабіць нельга».

А таму ў будучай кааліцыі наўрад ці знойдзецца месца для Таццяны Караткевіч і ейнай каманды, якая таксама актыўна выступае за перамены, але не грэбуе ўдзелам у выбарах на правілах уладаў.

«Я іду ў прэзідэнты, таму што перакананая: Беларусі патрэбныя мірныя перамены».

Перамены аднак не прыйшлі. Дый не прыйдуць бліжэйшым часам, кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўкі, якога АГП запрасіла ў якасці эксперта.

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

«Стратэгія мірных перамен яна таксама выглядае не надта моцнай, таму што сёння схіліць уладу нібыта праз рэальнае падтрыманне той жа самай Караткевіч да дэмакратызацыі – гэта ілюзія, гэта нейкія рамантычныя ўяўленні».

Адмовіцца ад ілюзіяў, на меркаванне прысутных экспертаў варта і той частцы апанентаў Лукашэнкі, якая верыць у выбарчы байкот.

ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:

«Лукашэнка – пакуль існуе рэжым – на свабодныя дэмакратычныя выбары не пойдзе і ставіць такую задачу – гэта троху ўтапічна».

Як і верыць, што без Лукашэнкі ўлада пяройдзе да апазіцыі, пераканы Аляксандр Класкоўскі.

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

«Смешна думаць, што па нейкіх прычынах нястала Лукашэнкі, дык што? Вертыкаль, сілавікі, якія маюць усе вагары ў сваіх руках пойдуць у офісы АГП і іншых партыяў і скажуць: «прыходзьце і валодайце намі»? Натуральна, яны самі возьмуць уладу, а апазіцыя са сваймі ідэямі маральнага супраціву, яна гэтак і застанецца ў андэграўндзе».

А таму эксперты раяць замест чарговых кааліцыяў на паперы, ставіць перад сабою рэальныя задачы. І што самае галоўнае, іх выконваць.

Вольга Жарнасек, belsat.eu

Стужка навінаў