«Беларускі П'емонт». Агнешка Рамашэўская пра Белсат – польскім журналістам


Плёткі пра закрыццё «Белсату» выклікалі буру дыскусіяў не толькі ў беларускіх, але і ў польскіх медыях. Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы ў апошнія дні дала некалькі інтэрвʼю польскім выданням, у якіх патлумачыла, чаму лічыць змяншэнне фінансавання станцыі памылкай.

У беларускіх уладаў ёсць іншыя клопаты, чымся «Белсат»

Няма сумневаў, што тэлевізію «Белсат» беларускія ўлады не любяць, бо займаем крытычную пазіцыю ў дачыненні да Лукашэнкі, – кажа Рамашэўская-Гузы ў інтэрв’ю тэлевізіі «Рэспубліка».

Але я перакананая, што ў беларускіх уладаў ёсць цяпер іншыя клопаты, чымся наш канал, – кажа кіраўнічка «Белсату».

У размове з журналістам Рамашэўская-Гузы выказвае ўпэўненасць, што адной з галоўных патрэбаў Беларусі сёння – усталяванне кантактаў з Захадам, перад усім з Польшчай. Перш за ўсё гэта – вынік сурʼёзных гаспадарчых праблемаў Беларусі, па-другое, – рыторыкі аб збліжэнні з Захадам, якой улады ў Менску спрабуюць шантажаваць Маскву.

Лукашэнка – галава з тэлевізара

На пытанне выдання «Dziennik» ці «Белсат» павінен застацца тэлеканалам, на стварэнне якога патрэбныя мільёны, ці не будзе дастаткова толькі інтэрнэт-старонкі, Рамашэўская-Гузы сцвярджае што з беларускай і расейскай тэлевізійнай прапагандай можна змагацца толькі з дапамогай тэлевізіі.

«Беларусы ўсцяж атрымоўваюць інфармацыю перад усім з тэлевізіі, а не з інтэрнэту, – кажа Рамашэўская-Гузы. – Лукашэнка – галава з тэлевізара, і, як казаў старшыня нашай Кансультатыўнай рады (Уладзімір Колас. – Заўв. «Белсат»), толькі тэлевізіяй можна з гэтай прапагандай змагацца».

«Калі я даведваюся, што дзеці і не толькі вучаць беларускую дзякуючы нашым праграмам, вывучаюць гісторыю, упэўненая, што мы робім добрую справу, – кажа Рамашэўская-Гузы. – І тут мова вядзецца не толькі пра тое, ці яны ідуць праз спадарожнік, ці ў інтэрнэце, а хутчэй пра якасць праграмаў, пра тое, як і кім яны былі зробленыя. Досвед паказвае, што калі нешта робіцца ў тэлевізійнай якасці, то шкода паказваць гэта ў інтэрнэце, бо, па-першае, гэтай якасці не бачна, а па-другое, яшчэ ніводная інтэрнэт-тэлевізія не атрымала вялікага поспеху, не заваявала гледача. Апроч іншага, «Белсат» даступны ў правінцыі, а таксама старэйшым асобаў, якія не карыстаюцца інтэрнэтам».

На пытанне «Wiadomosci» пра сэнс існавання «Белсату», Рамашэўская-Гузы кажа, што, «па-першае, роля каналу – супраца з беларускім грамадствам, па-другое – дзеянні ў напрамку падтрымання свабоды слова і прасоўвання дэмакратычных вартасцяў».

«Гэта для Беларусі вельмі важна – бо краіна знаходзіцца на мяжы ўплываў Захаду і Усходу, – кажа Рамашэўская. – Для нас вельмі важна, каб Беларусь глядзела на Захад. Гэта Ён гістарычна апраўдана: краіна належала да Вялікага княства Літоўскага, і Беларусь лічыць сябе яго спадкаемцам».

У размове з «Polska+» Рамашэўская-Гузы прызнаецца, што хоча ацяплення дачыненняў паміж Польшчай і Беларуссю, але не коштам ліквідацыі польскіх козыраў.

Рамашэўская-Гузы называе сябе «вялікай прыхільніцай пацяплення», і лічыць, што «калі краіны – суседкі, яны павінныя мець добрыя стасункі, а іхнае замарожванне ні да чаго не вядзе».

«Але адно – гэта падтрыманне адносінаў, а другое – ліквідацыя ўсіх козыраў, якія ёсць у дачыненні да гэтай краіны, – кажа Рамашэўская-Гузы. – Каналу, якому дзевяць гадоў, які зʼяўляецца, адным з найважнейшых асяродкаў незалежнага жыцця беларускага жыцця, не скасоўваюць з дня на дзень. Так вось проста, у жэсце добрай волі. Такім чынам мы пазбаўляем сябе інструменту».

Амерыканцы «Свабоду» не закрываюць

У інтэрв’ю «Польскаму радыё» Агнешка Рамашэўская-Гузы заяўляе, што «Белсат» – адзіная тэлевізія беларускай незалежнасці, беларускі П’емонт (гэты рэгіён адыграў рашучую ролю ў аб’яднанні Італіі ў XIX-м стагоддзі. – Заўв. «Белсат»).

Цягам гэтых гадоў «Белсат» стаў прытулкам і месцам збору беларускіх навукоўцаў, інтэлектуалаў, артыстаў, аналітыкаў, эканамістаў, – падкрэслівае Рамашэўская. – Сам факт, што дзесьці можна заявіць пра свае ідэі, думкі, прадэманстраваць уласныя творы аказаўся вельмі важны».

Агнешка Рамашэўская не змяняе сваёй ацэнкі магчымага спынення фінансавання з боку польскага Міністэрства замежных справаў: «Гэта была б ліквідацыя каналу: 75 % грошай мы атрымоўваем з МЗС».

«Гэта сапраўды смяротны прысуд», – заяўляе Рамашэўская.

«Я займаюся Беларуссю 11 гадоў – ведаю там сотні людзей. Ведаю расейскую, беларускую, чытаю па-ўкраінску, арыентуюся ўва сітуацыі на Усходзе, – прызнаецца Рамашэўская. – Калі можна прыдумаць ліквідацыю «Белсату», гэта азначае, што звесткі, якія паступаюць да польскіх чальцоў ураду, – абсалютна фальшывыя».

Рамашэўская ўпэўненая, што сяброўства Беларусі з Польшчай не залежыць ад існавання «Белсату», а беларускаму ўраду больш важныя эканамічная дамова з Польшчай: гаспадарка Беларусі знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі.

Дырэктарка каналу звяртае ўвагу, што хаця амерыканцы працуюць над размарожваннем дачыненняў з Беларуссю, неяк не чуваць, каб нехта хацеў закрыць «Свабоду».

Інфармацыя пра магчымае згортванне падтрымання польскім МЗС асабліва балючае для кіраўнічкі каналу з тае прычыны, што «Белсат» як раз меў вялікія планы на развіццё.

«Тое, што здарылася – нож у сэрца. Цяпер мы шукаем гранты, удзельнічаем у конкурсе на падтрыманне тэлевізіі, якая б працавала на Усход па-расейску – як дасведчаная тэлевізія, мы можам, мяркую, рэалізаваць гэты праект».

Новая тэлевізія па-расейску, згодна з планам Рамашэўскай, стала б паралельным праектам. «Белсат» працягнуў б працу як беларускамоўны канал.

Стужка навінаў