Агнешка Рамашэўская-Гузы: Я мару пра два каналы «Белсат»


[/vc_column_text][vc_column_text]Дырэктар «Белсату» мяркуе, што патрэбны адзін тэлеканал па-беларуску і без цэнзуры, другі – для ўсёй расейскамоўнай прасторы.

Апошні раз у Беларусі дырэктар незалежнага тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы была ў мінулым годзе. Тады ёй удалося атрымаць беларускую візу пасля 10 гадоў неафіцыйнага статусу «нон-грата». 31 траўня ў менскім Прэс-клубе яна адказала на найбольш вострыя пытанні для гледачоў каналу ды беларускай журналісцкай супольнасці.

– Ці будзе працягвацца фінансаванне «Белсату»?

– Наш вялікі поспех, што мы ўжо 9 год працуем і ўвесь час развіваемся. Так званая адліга ў Беларусі стварае магчымасці, але і праблемы. Шанцы ў тым, што ў дачыненні да нас менш рэпрэсіяў. У большую колькасць месцаў мы можам трапіць як журналісты, хоць па-ранейшаму не маем акрэдытацыі.

Праблемы – спонсары і донары адварочваюцца ад Беларусі, бо лічаць, што сітуацыя тут нармалізуецца.

Мяне запэўнілі, што змяншэння фінансавання з польскага боку не будзе. Паглядзім, што будзе ў канцы года. Мы страцілі частку фінансавання ад некаторых краін Заходняй Еўропы, напрыклад, Швецыі, Нарвегіі, і ад Канады. Магчыма, польскае тэлебачанне пагодзіцца закрыць гэтую дзірку. Паколькі наш праект трывае 9 год, змяншэнне фінансавання цяпер было б марнатраўствам ужо ўкладзеных сродкаў.

Сёння Польшча з’яўляецца найбольшым донарам медыяў, якія транслююць у Беларусі. Далей гэтае пытанне будзе залежаць ад таго, якая палітыка будзе з краінамі, што з ёй мяжуюць.

– Хто рэальная аўдыторыя «Белсату»?

– Сёлета мы не мелі грошаў на адмысловае даследаванне. На падставе аналізаў 2-гадовай даўніны вынікае што каля 4 % беларусаў прызнаюцца, што яны глядзяць канал. Гэта 300 – 400 тысяч чалавек.

У нас ёсць 2 групы гледачоў: актыўныя людзі сярэдняга веку ў малых гарадах, якія хочуць ведаць, што адбываецца. Яны глядзяць нас пераважна праз сатэлітарную антэну.

Сярод іх шмат прадпрымальнікаў, працаўнікоў дзяржаўных ўстановаў, напрыклад, дактароў, як гэта ні дзіўна, чыноўнікаў.

Другая – праз сеціва. Часта гэта маладзейшыя жыхары вялікіх гарадоў, але не толькі. Мы хацелі б павялічыць групу гарадской інтэлігенцыі і не хацелі б страціць гледачоў у правінцыі. Глеб Лабадзенка расказваў, што яго пазнаюць у малых гарадах дзякуючы таму, што яго бачылі на экране.

– Ці будзе вяшчанне на расейскай мове?

– Рашэнне пра гэта будзе цяжкім. Наш калектыў вельмі падзелены ў тым пытанні. На маю думку, такая праграма была б патрэбная, але гэта толькі маё меркаванне.

Канал на расейскай мове ўвесь час абмяркоўваецца ў Еўропе ў якасці супрацьдзеяння «Russia Today».

Я персанальна мушу мець на гэта грошы і згоду калегаў. У «Белсату» ёсць толькі два прынцыпы, якія не абмяркоўваюцца. Першы: Беларусь – гэта частка Еўропы і еўрапейскай цывілізацыі. Другі: камунізм быў злачынным ладам. Гэта дзве асноўныя падставы, праз якія мы глядзім на свет. Пытанне расейскай мовы – пытанне толькі эфектыўнасці працы, на маю думку.

– Калі каналу дадуць акрэдытацыю?

– Цяпер мы чакаем пастановы наконт акрэдытацыі. Я не маю вялікіх спадзеваў, але хацела б быць кепскім прарокам.
Адмова ў акрэдытацыі вынікае з прыроды цяперашніх уладаў Беларусі. Я не бачу ніводнай карысці для іх, што мы не маем акрэдытацыі.

Нашыя матэрыялы пераважна робяцца ў Беларусі. Калі нехта захоча, каб мы перасталі працаваць тут, то мы працягнем працаваць у Польшчы. Так што мы моцна стаім на дзвюх нагах.

Часам улады вырашаюць чапляцца да канкрэтнага журналіста, які пачынае атрымліваць штрафы адзін за адным.
Людзям, якіх я бяру на працу, кажу, што не магу гарантаваць бяспеку, на жаль. Мы можам толькі абяцаць, што не пакінем таго чалавека аднаго.

Напрыканцы сустрэчы намеснік старшыні аб’яднання «Перспектыва» Вячаслаў Піліпук падзякаваў каналу за аператыўнае і якаснае асвятленне праблем прадпрымальнікаў, якіх было асабліва шмат у гэтым годзе.

Старшыня Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў Наталка Бабіна папрасіла, каб у навінах не перакладалі з украінскай мовы суразмоўцаў. Паводле палітыкі каналу, цяпер без перакладу ў эфір выходзяць выказванні на дзяржаўных мовах: па-беларуску і па-расейску.

Яшчэ адно пытанне было пра перспектывы з’яўляення «Белсату» ў пакетах кабельнага тэлебачання.

«Калі ў Беларусі будзе сапраўдная адліга ды такое спякотнае лета, як надвор’е сёння, мажліва, мы і ў кабельныя сеткі трапім», – падсумавала Агнешка Рамашэўская-Гузы.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў