Афшоры ў Панаме – у 98 беларусаў


Яны не будуць прыцягнутыя да адказнасці, бо не парушылі беларускіх законаў.

У апублікаванай базе налічваецца 98 грамадзянаў нашай краіны і 35 кампаніяў, звязаных з Беларуссю. Сярод іх ёсць некалькі прозвішчаў даволі буйных бізнесменаў з топ-200 (або іх цёзак), а вось прозвішчаў вядомых палітыкаў і чыноўнікаў у апублікаваных ўвечары ў панядзелак спісах няма.

Ува Украіне ўладальнікаў афшораў 165, у Расеі – 2 229 чалавек.

Найбольш у базе грамадзянаў Кітаю – 8 995 чалавек. Амерыканцаў – 4 536.

Беларускае права не забараняе мець афшорную кампанію, але існуюць сур’ёзныя абмежаванні ў працы з такімі структурамі – з мэтай прадухіліць сыход сродкаў з краіны.

З дапамогай афшорных фірмаў у падаткавых раях бізнэс не толькі сыходзіць ад падаткаў, але і “шыфруецца”, пакідаючы ў таямніцы канцавых бенефіцыяраў.

На сайце праекту ICIJ Offshore Leaks Database можна знайсці інфармацыю пра больш чым 100 тыс. афшорных кампаніяй. Пасля запуску пошуку па базе неапублікаваных «Панамскіх дакументаў» не засталося.

Паводле прафесара Калумбійскага універсітэта Джэймса Генры, якога цытуе The Guardian, з Расеі, Кітая ды іншых гаспадарак, якія развіваюцца, праз афшоры вывелі $ 12 трлн.

Газета піша, што гэта хвароба Малайзіі (1784 грамадзяніна маюць афшоры), Тайланда (780), Інданэзіі (2691).

3 красавіка 2016 года Міжнародны кансорцыюм следчых журналістаў апублікаваў маштабны матэрыял аб сетцы афшораў па ўсім свеце. Публікацыя стала магчымай дзякуючы ўцечцы дакументаў з Панамскай фірмы-рэгістратара афшорных кампаніяй “Mossack Fonseca”.

У аналізе дакументаў бралі ўдзел сотні журналістаў з розных краін, у тым ліку супрацоўнікаў Sueddeutsche Zeitung, BBC, The Guardian ды расейскай «Новай газеты».

Чалавек, які арганізаваў уцечку «Панамскага дакументаў» аб афшорах, упершыню патлумачыў свае матывы 6 траўня праз нямецкую газету Sueddeutsche Zeitung, схаваўшыся пад псеўданімам Джон Доў.

Ён патлумачыў, што не супрацоўнічае ні з адной выведкай свету і ніколі не працаваў на спецслужбы. Джон Доў заявіў, што лічыць цяперашняе светаўладкаванне несправядлівым і мяркуе, што праз афшоры часта здзяйсняюцца злачынствы і ў цэлым гэты інстытут выкарыстоўваецца для таго, каб багатыя багацелі на шкоду інтарэсам менш забяспечаных.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў