Афіцыйных беспрацоўных у Менску больш, чымся вакансіяў


Праблему беспрацоўя 1 лютага абмеркавалі на аператыўнай нарадзе ў сталічнай мэрыі.

З пачатку 2016-га ў службе занятасці зарэгістраваліся 1 600 беспрацоўных (на 6% менш сярэднямесячнай рэгістрацыі ў 2015-м). Рост зваротаў грамадзянаў у службу занятасці ў мінулым годзе быў абумоўлены перш за ўсё захадамі па папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства (дармаедства).

У 2016 годзе гарадскія ўлады маюць намер павялічыць фінансаванне праграмаў па перакваліфікацыі беспрацоўных. Памер фінансавання вырасце амаль у два разы да Br 7 млрд. Змагацца з беспрацоўем Менгарвыканкам мае намер комплексна. Чыноўнікі прынялі рашэнне скараціць прыток замежнай працоўнай сілы на менскі рынак працы.

Паводле Менгарвыканкаму на канец студзеня попыт наймальнікаў на кадры склаў 7 000 чалавек, што на 19 % ніжэй патрэбы на пачатак 2016 – га і на 35 % ніжэй патрэбы на пачатак 2015 – га. Колькасць вакансіяў скарачаецца, канстатуюць у Менгарвыканкаме. У сярэднім на аднаго беспрацоўнага прыпадае менш за адну вакансію (на пачатак года было 1,3-1,6 вакансіяў).

Гарадскія ўлады дэкларуюць намер ствараць умовы для вядзення бізнесу. Паводле чыноўнікаў, гэтаму павінна спрыяць зніжэнне арэнднай платы і павышэнне інфармаванасці патэнцыйных прадпрымальнікаў. На субсідыі для арганізацыі ўласнага бізнесу беспрацоўнымі ў гэтым годзе запланавана Br 3 млрд.

Чытайце таксама >>> Прадпрымальнікі падалі заяўку на вулічную акцыю, бо іх «не чуюць улады»

ЮВ, belsat.eu, паводле minsknews.by

Глядзі таксама
Каментары