Афіцыйны візіт на байдарцы: у Горадню прыбыў бургамістр польскага гораду Аўгустава


Польская дэлегацыя прыбыла ў Беларусь на байдарках. Фота vgr.by

Бургамістр польскага Аўгустава Войцех Валюлік прыбыў у Беларусь з афіцыйным візітам на байдарцы. Чыноўнік плануе асабіста паглядзець увесь турыстычны маршрут і абмеркаваць узаемадзеянне з беларускімі калегамі і рэалізацыю сумесных праектаў.

Праграмай візіту таксама прадугледжана падпісанне пагаднення паміж кіраўнікамі Горадні і Аўгустава.

У інтэрвʼю карэспандэнтам БТ Войцех Валюлік падзяліўся ўражаннямі ад першай часткі паездкі: «Гэта суцэльнае задавальненне, а не падарожжа. Мяжу прайшлі хутка і без якіх-небудзь праблем. Наагул жа Аўгустаўскі канал – унікальнае месца, ён абʼядноўвае Польшчу, Беларусь і Літву. Мы былі вельмі ўзрадаваныя, калі даведаліся, што прэзідэнт Беларусі падпісаў указ і ўжо зусім хутка можна будзе падарожнічаць тут без віз. Гэта найлепшая рэклама канала – гэта месца вельмі перспектыўнае».

Бургамістра Аўгустава ў беларусі спатыкалі хлебам і соллю. Фота Польская дэлегацыя прыбыла ў Беларусь на байдарках. Фота vgr.by

Бургамістра Аўгустава ў беларусі спатыкалі хлебам і соллю. Фота Польская дэлегацыя прыбыла ў Беларусь на байдарках. Фота vgr.by

Перспектыўным бурмістр лічыць і супрацу паміж Горадняй і Аўгуставам – кіраўнікі гарадоў падпішуць пагадненне аб супрацы і абмяркуюць новыя праекты транспамежнага ўзаемадзеяння. «У прыватнасці, гаворка ідзе пра будаўніцтва двух роварна-пешаходных мастоў над рэкамі – Нетай у Аўгуставе і Нёмнам акурат насупраць Старога замка», – заявіў Войцех Валюлік. Адбор эскізаў будучых мастоў польскія і беларускія эксперты пачынаюць ужо ў верасні.

Беларускія ўдзельнікі праектаў спадзяюцца, што галоўнае новаўвядзенне – бязвізавы ўезд на тэрыторыю Аўгустаўскага канала – дазволіць прыцягнуць яшчэ больш турыстаў.

23 жніўня кіраўнік Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які дазваляе замежным турыстам прыязджаць на Аўгустаўскі канал без віз. Афіцыйна «бязвізавым» канал афіцыйна стане ўжо ў канцы кастрычніка 2016 года, але паколькі гэта ўжо канец турыстычнага сезону, найбольшыя надзеі турыстычныя кампаніі, арганізатары і госці Беларусі звязваюць з наступным годам. А галоўным «прадуктам» для турыстаў на Аўгустаўскім канале павінен стаць трохдзённы водны маршрут праз Польшчу, Беларусь і Літву.

МЯ, паводле vgr.by

Глядзі таксама
Каментары